2015-02-02 13:03:34

Жаночую складаючую культуры і душпастырства ў гарадах абмяркуюць у Ватыкане


RealAudioMP3 У Ватыкане будуць абмяркоўваць жыццё жанчын у сучасным свеце і праблемы душпастырства ў гарадах. Менавіта гэтым тэмам будуць прысвечаны пленарныя пасяджэнні Папскай рады па культуры і Папскай рады па справах свецкіх. Яны пройдуць амаль адначасова, а закончацца 7 лютага 2015 г. аўдыенцыямі ў Святога Айца. Штогадовая сустрэча членаў Папскай рады па культуры пачнецца 4 лютага. Сёлета яна пройдзе на тэму: “Жаночая складаючая культуры: паміж роўнасцю і адметнасцю”. Прыняць удзел у асамблеі былі запрошаны некаторыя жанчыны – эксперты ў сацыялогіі, паліталогіі, духоўнасці, мастацтве. Разам з членамі ватыканскай дыкастэрыі яны паразмаўляюць аб актуальнай сітуацыі жанчын у розных культурах, аб жаночай унікальнасці і роўнасці палоў, здольнасці даваць жыццё ў самым шырокім значэнні гэтага слова, аб каштоўнасці жаночага цела, камунікатыўных здольнасцях жанчын і іх ролі ў жыцці Касцёла.

5 лютага пачнецца пленарнае пасяджэнне Папскай рады па справах свецкіх. Яго ўдзельнікі будуць абмяркоўваць праблемы душпастырства ва ўрбаністычным кантэксце. Гэта тэма з’яўляецца асабліва актуальнай у сувязі з ростам гарадскога насельніцтва, якое ў 2050 г. дасягне 70% насельніцтва планеты, нагадалі арганізатары падзеі. Сярод дакладчыкаў на асамблеі выступіць арцыбіскуп Манілы кардынал Луіс Антоніа Тагле, заснавальнікі італьянскіх “Супольнасці новых гарызонтаў” і “Супольнасці св. Ігідзія” К’яра Амірантэ і Андрэа Рыкардзі. Гаворка будзе ісці пра “прагу Бога ў гарадскіх пустынях”, каштоўнасць гарадскіх перыферый і важнасць сацыяльнага навучання Касцёла для душпастырства ў мегаполісах.








All the contents on this site are copyrighted ©.