2015-01-29 11:28:23

Папа скіраваў пасланне на адкрыццё беатыфікацыйна-кананізацыйнага працэсу К’яры Любіх


RealAudioMP3 З нагоды распачацця беатыфікацыйна-кананізацыйнага працэсу К’яры Любіх, заснавальніцы руху “Факаляраў”, папа Францішак скіраваў спецыяльнае пасланне, у якім пажадаў, каб яскравы прыклад яе жыцця паспрыяў “абноўленым памкненням да вернай еднасці з Хрыстом і шчодрага служэння адзінству Касцёла”. Францішак пажадаў дароў Святога Духа для задзейнічаных у правядзенне беатыфікацыйна-кананізацыйнага працэсу і заклікаў да “пашырэння сярод Божага народу ведаў аб жыцці і справах той, якая, прыняўшы заклік Пана, запаліла для Касцёла новае святло на шляху да еднасці”.

Пасланне Пантыфіка, падпісанае кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, было прачытана падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця працэсу 27 студзеня 2015 г. у катэдральным касцёле у Фраскаці мясцовым біскупам Рафаэла Марцінэлі. Менавіта ў гэтым невялікім італьянскім горадзе знаходзіцца Міжнародны цэнтр руху “Факаляраў”, дзе К’яра Любіх працавала на працягу большай часткі свайго жыцця і дзе памерла 14 сакавіка 2008 г. Дзякуючы інтэрнэт-трансляцыі, за цырымоніяй маглі сачыць вернікі з усіх кантынентаў. Прысутнічалі на ўрачыстасці шматлікія каталіцкія іерархі, прадстаўнікі рухаў і асацыяцый, іншых хрысціянскіх канфесій, а таксама ісламу і будызму.

З пачаткам дыяцэзіяльнага этапу беатыфікацыйна-кананізацыйнага працэсу К’яра Любіх атрымала тытул Слугі Божай. Спецыяльна прызначаная біскупам Фраскаці камісія працягне збіраць інфармацыю аб яе жыцці і дзейнасці, а таксама знаёміцца са сведчаннямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.