2015-01-27 15:41:36

Цэлебрацыі з удзелам Пантыфіка ў лютым-красавіку


RealAudioMP3 У Нядзелю Божай Міласэрнасці 12 красавіка 2015 г. Святы Айцец Францішак будзе цэлебраваць св. Імшу для вернікаў армянскага абраду. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаваным 27 студзеня 2015 г. афіцыйным календары літургічных цэлебрацый Пантыфіка з лютага па красавік. 2 лютага ў базыліцы св. Пятра ён узначаліць Эўхарыстыю з удзелам законнікаў і законніц Рыма. 8 лютага Папа адправіцца з пастырскім візітам ў рымскую парафію св. Міхала Арханёла. 14 лютага ў ватыканскай базыліцы Францішак узначаліць публічны кансісторый па ўзвядзенні новых кардыналаў і некаторых кананізацыйных справах, а на наступны дзень там жа адправіць св. Імшу з новымі пурпуратамі.

18 лютага, у Папяльцовую сераду, згодна з традыцыяй Папа накіруецца на Авентын, дзе ўзначаліць працэсію з базылікі св. Анзэльма да базылікі св. Сабіны і св. Імшу, што распачне перыяд Вялікага посту. З 22 па 27 лютага Пантыфік прыме ўдзел у велікапостных рэкалекцыях, якія пройдуць у Арычы. У гэты перыяд не будуць праводзіцца папскія аўдыенцыі, у тым ліку агульная аўдыенцыя, якая звычайна адбываецца ў сераду.

8 сакавіка Францішак наведае рымскую парафію Найсвяцейшай Маці Збаўцы.

На 13 сакавіка запланавана пакутная літургія з удзелам Папы ў базыліцы св. Пятра, а на 21 сакавіка яго візіт у Неапаль і Пампеі.

29 сакавіка Пантыфік узначаліць урачыстыя набажэнствы Пальмовай нядзелі.

У Вялікі чацвер, 2 красавіка, Папа ўзначаліць св. Імшу Хрызму ў базыліцы св. Пятра, а ў Вялікую пятніцу, 3 красавіка, літургію Мукі Пана ў ватыканскай базыліцы і Крыжовы шлях у рымскім Калізеі.

4 красавіка ў 20.30 у базыліцы св. Пятра распачнецца Пасхальная вігілія з удзелам Папы. У Вялікдзень Пантыфік будзе цэлебраваць Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, пасля чаго ўдзеліць благаслаўленне “Urbi et Orbi” (Гораду і Свету).







All the contents on this site are copyrighted ©.