2015-01-27 13:24:43

Папа ў пасланні на Вялікі пост: “не” – глабалізацыі абыякавасці


RealAudioMP3 Хрысціяне павінны даць свой адказ на глабалізацыю абыякавасці. Гэта думка знаходзіцца ў цэнтры паслання папы Францішка на Вялікі пост, якое было апублікавана 27 студзеня 2014 г. “Калі мы адчуваем сябе добра і камфортна, канешне, забываемся пра іншых – чаго Бог Айцец не робіць ніколі, – нас не цікавяць іх праблемы, пакуты і несправядлівасць, з якімі яны сустракаюцца. І так наша сэрца ахоплевае абыякавасць”, - напісаў Пантыфік. На яго думку, “гэта эгаістычная пастава” набыла сёння “сусветнае вымярэнне”. У сваю чаргу, адказаць на факт “глабалізацыі абякавасці” павінны менавіта хрысціяне, лічыць Святы Айцец. На думку Папы, Касцёл пакліканы трымаць адчыненымі “дзверы паміж Богам і чалавекам” – “праз абвяшчэнне Слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, сведчанне веры, якая становіцца плённай у любові”, нават калі свет, спрабуе закрыцца ў самім сабе і зачыніць дзверы, праз якія Бог уваходзіць у яго. Паводле Пантыфіка, час абнаўлення, які ўяўляе сабой Вялікі пост, становіцца нагодай для таго, каб дапамагчы Божаму народу не стаць абыякавым.

Францішак прапанаваў вернікам паразважаць над трыма евангельскімі выразамі. Першы – з Першага паслання да Карынцянаў – адносіцца да Касцёла: “Калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены” (12,26). Любоў Божая – гэта галоўная зброя супраць абыякавасці, якую Касцёл дае праз сваё сведчанне. Аднак, немагчыма сведчыць пра тое, чаго сам не перажыў, падкрэсліў Папа. Ён нагадаў, што дзякуючы Эўхарыстыі вернікі “становяцца тым, што прымаюць – Целам Хрыста”, у якім няма месца для абыякавасці.

Наступны евангельскі выраз – “Дзе брат твой?” – з Кнігі Быцця (4,9) – важны для разважання ў кантэксце парафій і супольнасцяў, лічыць Папа. Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць яднання зямнога Касцёла з Касцёлам нябесным праз малітву, каб усталяваць “адзінства ва ўзаемным служэнні і дабры, якое паходзіць ад Бога”. Папа нагадаў пра важнасць місійнага аспекту жыцця хрысціянскіх супольнасцяў, якія пакліканы “устанаўліваць адносіны з акружаючым іх грамадствам, з беднымі і адкінутымі”. Францішак пажадаў, каб парафіі і супольнасці станавіліся “астравамі міласэрнасці пасярод мора абыякавасці”.

Заклік да асобных вернікаў Пантыфік узяў з Паслання св. Якуба (5,8): “Умацуйце вашыя сэрцы!”. Ён нагадаў, што страх і адчуванне бездапаможнасці, якія ахопліваюць перад абліччам чалавечых пакут і шакуючых навін, што з’яўляюцца на працягу апошняга часу, могуць быць пераадолены дзякуючы сіле малітвы многіх асоб. У сувязі з гэтым, Папа заклікаў увесь Паўсюдны Касцёл прыняць удзел у малітоўнай ініцыятыве “24 гадзіны для Пана”, якая будзе мець месца 13-14 сакавіка 2015 г.

Францішак заклікаў вернікаў памятаць пра важнасць учынкаў міласэрнасці – няхай і маленькіх, але канкрэтных, – на карысць бедных і безабаронных. Немагчыма збавіцца або збавіць свет у адзіноце – гэта “д’ябальская спакуса”, лічыць Святы Айцец. Ён нагадаў пра неабходнасць “выхавання сэрца”, якое павінна ведаць уласную беднасць і ахвяроўвацца на карысць іншых.

Вялікі пост у Каталіцкім Касцёле пачнецца сёлета 18 лютага Папяльцовай серадой.







All the contents on this site are copyrighted ©.