2015-01-25 12:12:25

Святы Айцец выказаў салідарнасць з хворымі на праказу


RealAudioMP3 Пантыфік выказаў сваю салідарнасць з асобамі, хворымі на праказу, і тымі, хто задзейнічаны ў дапамозе ім. Штогод у апошнюю нядзелю студзеня адзначаецца Сусветны дзень дапамогі хворым на праказу. “Я выказваю блізкасць да ўсіх людзей, якія пакутуюць ад гэтага захворвання, а таксама да тых, хто клапоціцца пра іх, і тых, хто змагаецца за ліквідацыю прычын хваробы, звязанай з умовамі жыцця, нявартымі чалавека”, - сказаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 25 студзеня 2015 г. у Ватыкане. Мэта Сусветнага дня дапамогі хворым на праказу – прыцягнуць увагу да праблемы не толькі медыцынскай, але і шырокай сусветнай грамадскасці, органаў адміністрацыйнага кіравання, грамадскіх арганізацый, дзелавых колаў, дабрачынных фондаў, рэлігійных супольнасцяў і прыватных асоб.

Праказа або лепра – гэта інфекцыйнае захворванне, якое выклікае паражэнне скуры, нервовай сістэмы і іншых сістэм арганізма. У цяперашні час агмені праказы сустракаюцца ў субтропіках і тропіках, у Афрыцы, Азіі, краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. У свеце ад гэтай хваробы пакутуюць каля 11 млн. чалавек. Сёння праказа добра вывучана і пры своечасовай дыягностыцы цалкам вылечваецца.







All the contents on this site are copyrighted ©.