2015-01-25 14:41:56

Пантыфік перад “Анёл Панскі”: Бог прагне нашага адзінства (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Да тэмы экуменізму звярнуўся Святы Айцец 25 студзеня 2015 г. падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”. Ён заклікаў вернікаў узмоцніць імкненні на шляху да поўнай еднасці ўсіх вызнаўцаў Хрыста. “Сённяшняе Евангелле прадстаўляе пачатак прапаведвання Езуса ў Галілеі. Св. Марк падкрэслівае, што Езус пачаў абвяшчаць “пасля таго, як выдалі Яна” (1, 14). - нагадаў Папа - Як раз у той момант, калі прароцкі голас Хрысціцеля, які прадказаў надыход Валадарства Божага, быў падаўлены Ірадам, Езус пачынае праходзіць шлях праз сваю радзіму, каб несці ўсім, асабліва бедным, “Евангелле Божае” (Ян 1, 14). Пропаведзь Езуса падобная да Яна, з кардынальным адрозненнем, што Езус не паказвае на іншага, які надыходзіць: Ён сам з’яўляецца выкананнем абяцанняў. Ён сам – “Добрая навіна”, у якую трэба паверыць, прыняць і перадаць людзям усіх узростаў, каб і яны даверылі Яму сваё існаванне. Езус Хрыстус ёсць Словам жыцця, якое дзейнічае ў гісторыі. Той, хто слухае Яго і ідзе за Ім, увойдзе ў Валадарства Божае.

Езус з’яўляецца выкананнем Божых абяцанняў, таму што Ён той, хто дае чалавеку Святога Духа, Ён – “жывая вада”, што наталяе смагу нашага неспакойнага сэрца, якое мае смагу жыцця, любові, свабоды, спакою – якое прагне Бога. Колькі разоў мы адчуваем або адчувалі, што наша сэрца прагне! Ён сам паказаў гэта Самаранцы ля студні Якуба, якой сказаў: “Дай мне піць” (Ян 4, 7). Менавіта гэтыя словы Хрыста да Самаранкі сталі тэмай штогадовага Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў, які сёння завяршаецца. Сёння вечарам, разам з вернікамі Рымскай дыяцэзіі і прадстаўнікамі розных Цэркваў і супольнасцяў, мы сустрэнемся ў базыліцы св. Паўла за Мурамі для інтэнсіўнай малітвы да Пана, каб умацаваў наша імкненне да поўнага адзінства ўсіх веруючых у Хрыста. Гэта вельмі дрэнна, што хрысціяне падзелены! Езус хоча, каб мы аб’ядналіся, былі адным целам. Нас падзялілі нашы грахі, гісторыя, і менавіта таму мы павінны так шмат маліцца, каб Святы Дух зноў нас аб’яднаў.

Бог, становячыся чалавекам, зрабіў наша прагненне сваім. Ён не толькі мае смагу матэрыяльнай вады, але, перш за ўсё, прагненне жыцця поўнага і свабоднага ад рабства зла і смерці. Адначасова са сваім уцелаўленнем Бог змясціў сваё прагненне – бо і Бог таксама прагне – у сэрца чалавека, Езуса з Назарэту. Бог прагне нашых сэрцаў, нашай любові і гэта прагненне змясціў у сэрцы Езуса. Такім чынам, у сэрцы Хрыста спатыкаюцца прагненні чалавечыя і Божыя. І жаданне адзінства Яго вучняў належыць да гэтага прагення. Яго выраз мы сустракаем у малітве, узнесенай да Айца перад Мукай: “Каб усе былі адно” (Ян 17, 21). Тое, што прагнуў Езус – гэта адзінства ўсіх. Мы ведаем, што д’ябал з’яўляецца бацькам падзелаў, з’яўляецца тым, хто заўсёды дзеліць, заўсёды выклікае войны, робіць так шмат зла.

Няхай гэта жаданне Езуса становіцца ўсё больш і больш нашым жаданнем! Таму, будзем працягваць малітву і нашы намаганні да поўнага адзінства вучняў Хрыстовых, будучы ўпэўненыя, што Ён на нашым баку і падтрымлівае нас сілай свайго Духа, каб гэта мэта набліжалася. Мы давяраем нашу малітву матчынаму заступніцтву Панны Марыі, Маці Хрыста і Маці Касцёла, бо яна нас лучыць, як добрая маці”, - сказаў Святы Айцец падчас сваіх разважанняў.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі папа Францішак прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра і папрасіў іх маліцца за яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.