25 студзеня 2015 г.
у Каталіцкім Касцёле завяршаецца сусветны Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян. Напярэдадні,
з нагоды гэтай падзеі, экуменічная сустрэча прайшла і ў мінскім архікатэдральным
Касцёле Найсвяцейшай Імя Марыі. На яе сабраліся прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій:
католікі, праваслаўныя, пратэстанты. Кожны з удзельнікаў вынес невялікі кубак з вадой
і ўліў у адзіную бочку, і кожны ў прамове ўспамінаў евангельскія словы, з якімі Збаўца,
на шляху ў Галілею, звярнуўся да самаранкі, - “Дай мне піць”, і якія сталі дэвізам
сёлетняга Тыдня малітвы. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
нагадаў, што тэму ініцыятывы ў гэтым годзе абрала Бразілія. І ў гэтых, на першы погляд,
простых словах крыецца вялікі сэнс: юдэі і самаране не мелі зносін, але гэта не перашкодзіла
Хрысту звярнуцца з просьбай да самаранскай жанчыны. “Ёсць два сімвалы гэтага Тыдня
малітваў аб еднасці хрысціян: дарога і вада. Дарога нас аб’ядноўвае: мы ідзём адным
шляхам, знаходзімся ў аднолькавых абставінах, не залежна ад таго, да якой канфесіі
прыналежым, ці нават рэлігіі, ці нават з’яўляемся няверуючымі. Вада нас таксама аб’ядноўвае:
гэта жыццё, а таксама 78% цела складаецца з вады. Але вада нас аб’ядноўвае і таму,
што мы прынялі хрост. Не важна, хто ты – католік, праваслаўны, пратэстант, вышэй за
ўсё тое, што мы хрысціяне”, - адзначыў іерарх.
Такія сустрэчы ў Беларусі даўно
ўжо сталі традыцыяй. Увогуле ж сусветны Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян праводзіцца
ўжо 48 раз, з 1968 года, калі гэта справа была ініцыявана Папскай радай спрыяння хрысціянскаму
адзінству і Суветнай Радай Цэркваў. Але з цягам часу заклік да адзінства не траціць
сваёй актуальнасці, а наадварот, толькі вастрэй і грамчэй гучыць, лічыць епіскап Царквы
евангельскіх хрысціян-баптыстаў Аляксандр Лотараў. “Мы жывём у свеце, у якім вельмі
шмат войнаў, канфліктаў, а таксама падзелаў, як у дзяржавах, так і ў сем’ях. Таму
актуальнасць гэтай малітвы і нашай сустрэчы – відавочная. Зараз увесь свет мае гэту
смагу любові, смагу адзінства. Адзінства – гэта актуальная тэма зараз, гэта самае
каштоўнае”, - адзначыў удзельнік сустрэчы.
“У тэалагічным плане Цэрквы не
будуць адзінымі, але ў нас ёсць адзіная мэта, дасягаць якой нам запаведваў Езус Хрыстус:
ісці і несці Добрую вестку. І ў плане гэтай запаведзі мы павінны аб’яднаць свае намаганні.
Навошта вынаходзіць порах кожнаму, лепей аб’яднаўшыся зрабіць адну справу добра, хутка
і якасна”, - дадаў выканаўчы дырэктар Беларускага біблійнага таварыства Ігар Міхайлаў.
Маліцца адзін за аднаго, дэманстраваць адзіныя погляды ў адстойванні хрысціянскіх
каштоўнасцяў, мець няўхільную пазіцыю ў барацьбе з выклікамі сучаснасці – кропак сутыкнення
ў розных канфесій больш, чым таго, што можа нас раз’ядноўваць, падкрэсліў прадстаўнік
Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў. Больш за тое, хрысціянскія Цэрквы ў Беларусі
даўно і на справе гэта даказваюць – супрацоўніцтвам у розных сферах. “Важны прыклад
супрацоўніцтва – у сацыяльным служэнні. У Беларусі супрацоўнічаюць дабрачынная каталіцкая
арганізацыя “Карытас”, сацыяльны аддзел Праваслаўнай Царквы і Дыяканічны лютэранскі
цэнтр. Сацыяльная работа – гэта сумесныя дабрачынныя акцыі і праекты дзеля дапамогі
дамам-інтэрнатам, інвалідам і іншым”, - нагадаў Уладзімір Татарнікаў.
Пасля
асэнсавання евангельскай гісторыі пра Езуса і самаранку, бразільская экуменічная група,
якая абрала сёлетнюю тэму, заклікала таксама паразважаць над некаторымі пытаннямі:
які ёсць шлях да еднасці, а таксама да павагі адносна разнастайнасці, і якую ваду
мы можам ахвяраваць нашым братам, будуючы адзінства?
Кіраўнік Аддзела адукацыі
Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, пратаіерэй Аляксандр Шымбалёў упэўнены,
малітва і імкненне кожнага з нас наблізіцца да Бога – вось тое, што дапаможа пераадолець
рознагалоссі. “Чым больш людзі пазнаюць адзін аднаго, збіраюцца разам, тым больш разумеюць
адзін аднаго. Тэракты і розныя акты агрэсіі здараюцца з-за падману, неразумення –
людзі не ведаюць, што робяць. Таму вельмі важна пазнанне кожным чалавекам сваёй традыцыі
і традыцыі тых, хто жыве побач, і імкненне да пазнання. І ізаляцыя да пазнання не
вядзе”, - адзначыў праваслаўны святар.
Аб няпростай сітуацыі ў свеце, у прыватнасці
аб братазабойчым канфлікце ва Украіне, нагадаў напрыканцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Жудасна разумець, што ў краіне, з якой пачаўся Хрост Русі, хрысціяне забіваюць адзін
аднаго. Да малітвы за мір і еднасць заклікаў яшчэ раз іерарх. А таксама падзякаваў
прысутнаму арцыбіскупу Клаудыё Гуджэроцці, Апостальскаму нунцыю ў Беларусі за намаганні
ў падрыхтоўцы значнай падзеі – IV Праваслаўна-каталіцкага форума, які прайшоў у 2014
годзе ў Мінску і стаў відавочным доказам таго, што ў Беларусі прадстаўнікі розных
хрысціянскіх канфесій гатовыя разам супрацьстаяць выклікам часу і сведчыць аб Хрысце.