2015-01-24 13:15:14

Папа сустрэўся са спецыялістамі па каталіцка-ісламскім дыялогу


RealAudioMP3 Пантыфік сустрэўся 24 студзеня 2015 г. у Ватыкане з членамі Папскага інстытута арабскіх і ісламскіх даследаванняў з нагоды 50-годдзя яго заснавання. Ён адзначыў, што “у апошнія гады, нягледзячы на некаторыя непаразуменні і цяжкасці, удалося асягнуць прагрэс у міжрэлігійным дыялогу, у тым ліку і з прадстаўнікамі ісламу”. Гэтаму, на думку Францішка, дапамагло ўменне слухаць адно аднаго, што з’яўляецца “не толькі неабходнай умовай у працэсе ўзаемаразумення і мірнага суіснавання”, але таксама “педагагічным абавязкам”, у сэнсе прызнання каштоўнасцяў іншых людзей, зразумення іх асноўных праблем і патрабаванняў. Пантыфік перасцярог ад “пагаджальнага сінкрэтызму”, які прыводзіць у рэшце рэшт да “таталітарызму без каштоўнасцяў”. Калі мы сустракаем чалавека з яго верай і рэлігіяй, гэта прымушае нас запытацца ў сябе пра нашу ўласную духоўнасць, лічыць Папа. Таму ў пачатку дыялогу заўсёды павінна стаяць сустрэча, паколькі менавіта яна “генеруе першае пазнанне іншага”, дапамагае “пераадолець забабоны і хлусню” у адносінах да чалавека іншай рэлігіі.

І тут досвед Папскага інстытута арабскіх і ісламскіх даследаванняў незаменны, перакананы Пантыфік, бо яго навуковая праца дазваляе адмовіцца ад таго, што знаходзіцца “на паверхні, што прыводзіць да стэрэатыпаў і прадузятасці”, і імкнуцца да пазнання крыніц, кіруючыся “компасам узаемнай павагі”. Гэта асабліва важна ў наш час, калі некаторыя спрабуюць апраўдаць насілле з дапамогай рэлігіі. “Найбольш эфектыўным проціяддзем супраць любой формы гвалту з’яўляецца адукацыя”, - адзначыў Папа.

Ісламска-хрысціянскі дыялог – задача не лёгкая, лічыць Форанцішак, ён “патрабуе цярпення і пакоры, якія суправаджае дбайнае даследаванне”, паколькі “імправізацыя” у гэтай тэме можа быць контрпрадуктыўнай і выклікаць дыскамфорт і збянтэжанасць. Спецыялізаваная адукацыя ў галіне ісламска-хрысціянскага дыялогу не павінна абмяжоўваецца выключна сацыялагічным аналізам”, але мець “рысы падарожжа паміж людзьмі, якія належаць да рэлігій, і, хоць і па-рознаму, адносяцца да духоўнага бацькоўства Абрагама”. “Культура і адукацыя не з’яўляюцца другаснымі ў працэсе сапраўднага збліжэння, які ўключае павагу да кожнага чалавека”, - сказаў Святы Айцец.

Папскі інстытут павінен граць больш значную ролю сярод акадэмічных устаноў Святога Пасаду і станавіцца цэнтрам “фармацыі хрысціян, якія працуюць у галіне міжрэлігійнага дыялогу пад эгідай Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, і ў цесным супрацоўніцтве з Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу”, лічыць Францішак. Ён выказаў спадзяванне, што ўстанова ніколі не здрадзіць сваёй асноўнай задачы – слуханню і дыялогу, заснаваных на выразнай ідэнтычнасці, на пошуку ісціны і прыгажосці, “змешчаных Творцам у сэрцы кожнага мужчыны і жанчыны і бачных у любым сапраўдным рэлігійным памкненні”.







All the contents on this site are copyrighted ©.