2015-01-23 13:37:56

Францішак: сям’я – першая школа камунікацыі


RealAudioMP3 “Абвяшчаць сям’ю, прывелеяванае асяродзе для сустрэчы ў бескарыслівасці любові”, - заклікаў папа Францішак у пасланні на Сусветны дзень масавай камунікацыі, якое было апублікавана 23 студзеня 2015 г., у вігілію ўспаміну св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў. Менавіта гэтай тэме прысвечаны дакумент, які з’яўляецца часткай глыбокага разважання Касцёла на тэму сям’і і сінадальнага працэсу, які адбываецца ў актуальны перыяд. Чалавек пачынае вучыцца камунікацыі яшчэ прабываючы ва ўлонні маці, якое можна лічыць першай “школай” камунікацыі, лічыць Папа. Ён нагадаў, як Ян Хрысціцель узварухнуўся ва ўлонні Альжбеты, калі пачуў прывітанне Марыі. “Цешыцца ад радасці сустрэчы – гэта ў пэўным сэнсе архітып і сімвал любой іншай камунікацыі, якой мы вучымся яшчэ перад тым, як прыйсці на свет”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што і пасля нараджэння чалавек застаецца ў пэўным сэнсе ва “улонні”, якім з’яўляецца сям’я – “парадыгма кожнай камунікацыі”. Гэта “улонне” складаецца з людзей розных полаў і пакаленняў, якія вучацца камунікацыі паміж сабой, узаемна прымаючы існуючыя адметнасці, нагадаў ён.

Менавіта ў сям’і “перадаецца фундаментальная форма камунікацыі, якой з’яўляецца малітва”, падкрэсліў Францішак. “Калі маці ці бацька кладуць спаць сваіх нованароджаных дзяцей, часта давяраюць іх Богу, каб чуваў над імі. Калі дзеці больш дарослыя – кажуць з імі простыя малітвы, з любоўю узгадваючы таксама пра іншых людзей, бабуль і дзядуль, сваякоў, хворых і пакутуючых, тых хто патрабуе Божай дапамогі. Так, у сям’і большая частка з нас навучылася рэлігійнаму вымярэнню камунікацыі, якая ў хрысціянстве ўся прасякнута любоўю, Божай любоўю, якая дорыцца нам і якую мы дарым іншым”, - адзначыў Папа.

Францішак нагадаў, што менавіта ў сям’і людзі вучацца ўзаемнай падтрымцы, разуменню значэння позіркаў і маўчання, вучацца смяяцца і плакаць разам і разумець камунікацыю, як “будаванне блізкасці”. Папа назваў сям’ю “школай прабачэння” і нагадаў, што “не існуе дасканалых сем’яў”. “Але не трэба баяцца недасканаласці, слабасці, і нават канфліктаў. Трэба вучыцца пераадольваць іх у канструктыўнай манеры”, - заклікаў ён. “Дзіця, якое ў сям’і вучыцца слухаць іншых, гаварыць з павагай да іншых, выказваючы свой пункт гледжання не адмаўляючы поглядаў іншага, будзе ў грамадстве будаўніком дыялогу і прымірэння”, - падкрэсліў Пантыфік.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на місію сем’яў, з “дзецьмі пазначанымі адной, ці больш інваліднасцяў”. Гэта заўсёды спакушае закрыцца, “але дзякуючы любові бацькоў, братоў і іншых блізкіх людзей, можа стаць стымулам да адкрытасці, дзялення, інклюзіўнай камунікацыі. Гэта можа дапамагчы школе, парафіі, асацыяцыі стаць больш гасціннымі да ўсіх, не выключаючы нікога”, - перакананы Папа.

Францішак закрануў таксама тэму сучасных медыя і іх ролі ў сям’і. Акрамя дапамогі ў камунікацыі, яны могуць таксама і перашкаджаць ёй, калі становяцца спосабам пазбягання фізічнай прысутнасці і ўцёкаў ад цішыні. Неабходна вучыць моладзь таму, што тэхналогіі павінны спрыяць сустрэчы, і што ў камунікацыйным асяроддзі трэба жыць паводле крытэрыяў годнасці чалавечай асобы і супольнага дабра. Гэта абавязак бацькоў, які павінен быць падтрыманы касцёльнай супольнасцю, падкрэсліў Папа.

Святы Айцец перакананы, што сям’я не павінна быць абстрактным аб’ектам камунікацыі розных меркаванняў і полем ідэалагічных баталій, але заставацца асяроддзем, у якім вучацца камунікацыі і якое само з’яўляецца “камунікуючай супольнасцю”. Самая цудоўная сям’я, на думку Святога Айца, гэта тая, якая мае камунікацыйную здольнасць, якая дае сведчанне аб прыгажосці і багацці адносін паміж мужчынам і жанчынай, паміж бацькамі і дзецьмі.

Сусветны дзень масавай камунікацыі, да якога прымеркавана пасланне папы Францішка, будзе адзначацца 17 мая 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.