Святы Айцец зацвердзіў рашэнні па кананізацыйных і беатыфікацыйных справах
22 студзеня 2015 г.
падчас сустрэчы з кардыналам Анджэла Амата, прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі,
Пантыфік упаважніў яго да публікацыі 11 дэкрэтаў, якія тычацца прызнання цуду, мучаніцкай
смерці і гераічнасці цнотаў некаторых кандыдытаў да кананізацыі і беатыфікацыі. Дэкрэт
аб прызнанні цуду тычыцца італьянкі Марыі Тэрэзы Казіні, заснавальніцы Кангрэгацыі
сясцёр аблатак Найсвяцейшага Сэрца Езуса, памерлай ў 1937 г. У дэкрэтах аб прызнанні
мучаніцкай смерці гаворка ідзе пра іспанку, сястру Фідэлію і яе двух паплечніц з Інстытута
сясцёр св. Юзафа з Джыроны; іспанца Пія Эрэдыя і яго 17 паплечнікаў і паплечніц з
Ордэну цыстэрсаў-трапістаў, якія загінулі за веру ў 1936 г. падчас грамадзянскай вайны
ў Іспаніі; а таксама свецкага верніка Тшымангадзо Самуэля Бэнэдыкта Дасва, што загінуў
за веру ў 1990 г. у ЮАР.
Таксама Пантыфік зацвердзіў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці
цнотаў: кс. Уладзіслава Букавінскага, які нарадзіўся ваУкраіне ў 1904 г., працаваў
у савецкія часы ў Казахстане і памёр у Карагандзе ў 1974 г.; кс. Людвіга Шварца, заснавальніка
Кангрэгацыі сясцёр Марыі і братоў Хрыста, які нарадзіўся ў Вашынгтоне і памёр у Маніле
ў 1992 г.; іспанскай законніцы Каінты Озэс, памерлай у 1954 г.; свецкай асобы Тэрэзы
Гардзі з Трэцяга ордэну св. Францішка, памерлай у 1837 г.; іспанца Луіса Трэлес і-Нагуэрол,
заснавальніка Начной Адарацыі, памерлага ў 1891 г.; свецкай верніцы, японкі, Альжбеты
Марыі Сатока Кітахара, памерлай у 1958 г.; а таксама Вірджыніі Бланка Тардыо з Балівіі,
памерлай у 1990 г.