2015-01-22 13:15:15

Францішак да паліцэйскіх: усе мы пакліканы ахоўваць бліжняга


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў 22 студзеня 2015 г. дэлегацыю прадстаўнікоў Інспекцыі грамадскай бяспекі пры Ватыкане з нагоды яе 70-й гадавіны. У сваім звароце да паліцэйскіх Пантыфік выказаў падзяку за штодзённую працу, якую яны выконваюць з прафесіяналізмам і адданасцю. Па словах Святога Айца, распачаты новы год прыносіць новыя надзеі і чаканні, але на гарызонце бачныя таксама небяспекі, якія трывожаць чалавецтва. Ён параіў удзельнікам сустрэчы не падаць духам, бо хрысціянская надзея абапіраецца на непарушную скалу – любоў Бога.

Святы Айцец перакананы, што праца паліцыі павінна засноўвацца на чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцях. “Ваша задача – ахоўваць месцы, якія маюць вялікае значэнне для веры і жыцця мільёнаў пілігрымаў. Людзі, якія наведваюць сэрца хрысціянскага Рыма, нярэдка звяртаюцца да вас. Кожны з іх павінен пачувацца спакойна, адчуваючы вашу прысутнасць і старанне,” – сказаў Пантыфік, і дадаў што “усе мы пакліканы быць ахоўнікамі нашага бліжняга”.

Інспекцыя грамадскай бяспекі пры Ватыкане з’яўляецца падраздзяленнем італьянскай паліцыі, якое займаецца аховай Пантыфіка падчас яго падарожжаў, а таксама аховай плошчы св. Пятра ў Рыме. Дзейнасць інспекцыі прадугледжана Латэранскімі пагадненнямі, заключанамі паміж Італіяй і Святым Пасадам. У ёй нясуць службу каля 150 паліцэйскіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.