2015-01-22 12:52:52

Пантыфік прыняў экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў 22 студзеня 2015 г. у Рыме ўдзельнікаў штогадовай экуменічнай пілігрымкі з Фінляндыі, прысвечанай успаміну св. Генрыха, патрона краіны. У сваім звароце Пантыфік адзначыў, што пілігрымка “стала сапраўднай духоўнай і экуменічнай сустрэчай католікаў і лютаран”, якая традыцыйна адбываецца ўжо цягам 30 гадоў. Францішак нагадаў словы св. Яна Паўла II, прамоўленыя падчас першай сустрэчы з фінскай экуменічнай дэлегацыяй у Рыме: “Той факт, што вы прыбылі сюды разам, сведчыць пра важнасць намаганняў, накіраваных на дасягненне адзінства. Той факт, што вы разам прамаўляеце “Сімвал веры” сведчыць пра агульную веру ўсяго хрысціянства”. З таго часу шмат было і будзе дасягнута ў Фінляндыі на шляху ад частковага да поўнага хрысціянскага адзінства, упэўнены Папа.

Святы Айцец нагадаў, што візіт фінскай дэлегацыі супаў з Тыднем малітваў аб еднасці хрысціянаў, які праходзіць пад дэвізам “Дай мне піць” (Ян 4,7). З гэтымі евангельскімі словамі звярнулася да Хрыста Самаранка. Паводле Евангелля, многія самаране паверылі ў Езуса, пачуўшы сведчанне гэтай жанчыны (Ян 4,39). Папа Францішак адзначыў, што католікі і лютаране таксама могуць зрабіць шмат для таго, каб сведчыць пра Боскую міласэрнасць. Ён перакананы, што гэта асабліва неабходна ва ўмовах недаверу, небяспекі, пераследаў і пакут, з якімі сутыкаюцца шмат людзей у сённяшнім свеце.

На думку Папы, прагрэс у тэалагічным дыялогу паміж Цэрквамі можа спрыяць поспеху гэтага сведчання. Сумесная дэкларацыя аб дактрыне апраўдання, падпісаная Сусветнай лютаранскай федэрацыяй і Каталіцкім Касцёлам 15 гадоў таму, можа працягваць прыносіць плён прымірэння і супрацоўніцтва. Каталіцка-лютаранскі дыялог ў Фінляндыі і Швецыі на тэму апраўдання адлюстроўвае важныя пытанні, якія выцякаюць з Сумеснай дэкларацыі, адзначыў у сваім звароце Папа. Напрыканцы сустрэчы ён выказаў пажаданне, каб далейшы дыялог прывеў да збліжэння ў поглядах на Царкву – “знак і прыладу збаўлення, падараванага нам у Хрысце”.








All the contents on this site are copyrighted ©.