2015-01-22 11:35:03

Кардынал Дзяржсакратар: ёсць прыкметы пацяплення адносін з Кітаем


RealAudioMP3 Святы Айцец рашуча асуджае тэрарызм і маніпуляцыі рэлігіяй для апраўдання насілля. У гэтым няма ніякіх сумневаў, нагадаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, падводзячы вынікі візіту Папы на Шры-Ланку і Філіпіны. У інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” ён таксама нагадаў пра заклік Францішка да мусульманскіх лідэраў, каб яны ясна выступілі супраць інструменталізацыі рэлігіі, калі хочуць прадэманстраваць мірнае аблічча ісламу. Кардынал заявіў, што папская палітыка ў гэтай сферы таксама сустракаецца з крытыкай, але Святы Айцец ясна выказвае перакананне, што дыялог, які вядзецца без наіўнасці, неабходны, калі існуе жаданне прыйсці да сустрэчы і ўзаемнай адкрытасці.

Іерарх выказаўся і на тэму адносін з Кітаем, якую таксама закрануў Францішак на зваротным шляху з Філіпін. Кардынал Паралін адзначыў, што ёсць прыкметы пацяплення, якія ён назваў “перспектыўнымі”. Пра гэта кажа сам факт палёту “папскага борту” над кітайскай тэрыторыяй, што адбылося ўжо двойчы за апошні час. “Мы спадзяемся, молімся і дзейнічаем, каб, калі Бог дасць, адбылася сустрэча ў праўдзе і любові”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Варта адзначыць, што гэтыя словы – не проста аднабаковыя пажаданні. Аналагічныя спадзяванні выказала прадстаўнік Міністэрства замежных спраў КНР Хуа Чуньін. “Мы гатовыя палепшыць двухбаковыя адносіны, і мы спадзяемся, што Ватыкан зробіць канкрэтныя крокі па стварэнні ўмоў для паляпшэння адносін”, - сказала яна ў адказ на папскую тэлеграму старшыні КНР Сі Цзіпіну, пасланую на зваротным шляху ў Рым. Яна нагадала пры гэтым “рытуальны спіс” патрабаванняў да Святога Пасаду: разрыў адносін з Тайванем, прызнанне ўрада КНР у якасці адзінага прадстаўніка кітайскага народа і адмова ад умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны ў імя рэлігіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.