Ватыканскі іерарх пра значэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян
Тыдзень малітваў аб
еднасці хрысціян, які распачаўся 18 студзеня 2015 г., завершыцца ў Рыме 25 студзеня
экуменічнымі Нешпарамі ў базыліцы св. Паўла за Мурамі з удзелам папы Францішка. Аб
важнасці гэтай малітвы піша ў “L’Osservatore Romano” старшыня Папскай рады спрыяння
хрысціянскаму адзінству. Кардынал Курт Кох цытуе словы Святога Айца з “Evangelii Gaudium”:
“Улічваючы вагу контр-сведчання падзелу сярод хрысціян, асабліва ў Азіі і Афрыцы,
пошук шляхоў адзінства становіцца тэрміновым. Місіянеры на гэтых кантынентах пастаянна
кажуць пра крытыку, нараканні і высмейванне, з якімі яны сутыкаюцца ў сувязі са згаршэннем,
выкліканым падзеленымі хрысціянамі”. У сваёй апостальскай адгартацыі Францішак адзначыў,
што імкненне да адзінства, якое будзе спрыяць прыняццю Хрыста, не можа быць толькі
дыпламатыяй; яно павінна стаць “спосабам евангелізацыі”.
Кіраўнік ватыканскай
дыкастэрыі адзначыў, што сёлета адзначаецца 50-годдзе двух важных для экуменізму падзей.
4 снежня 1965 г. у базыліцы св. Паўла за Мурамі было праведзена першае экуменічнае
набажэнства пад кіраўніцтвам Біскупа Рыма. Для ўдзелу ў ім Павел VI запрасіў назіральнікаў
ад Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, што прысутнічалі на ІІ Ватыканскім Саборы,
які ў той час падыходзіў да завяршэння. Праз тры дні, 7 снежня, ужо перад самым яго
заканчэннем, Папа адклікаў экскамуніку накладзеную ў 1054 г. Львом IX на Канстантынопальскага
Патрыярха. Адначасова з абвяшчэннем Паўлам VI гэтага акту, што было зроблена ў ватыканскай
базыліцы, Патрыярх Афінагор адмяніў на Фанары ў Стамбуле анафему, якую яго папярэднік
дзевяць стагоддзяў таму абвясціў у адносінах да Рымскага Касцёла.
Тыдзень малітваў
аб еднасці хрысціян праходзіць штогод з 18 па 25 студзеня. Яго ініцыятарамі выступаюць
Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветная Рада Цэркваў. Тыдні малітваў
аб еднасці хрысціян праводзяцца з 1968 г. Гэтая ініцыятыва збірае прадстаўнікоў розных
хрысціянскіх канфесій па ўсім свеце на набажэнствах, канферэнцыях, культурных мерапрыемствах,
згодна са словамі Хрыста: “Каб усе былі адно”.
Трэба нагадаць, што дэвізам
сёлетняга Тыдня з’яўляюцца евангельскія словы “Дай мне піць”, з якімі, паводле св.
Яна (4,7), звярнулася да Хрыста Самаранка.
24 студзеня 2015 г. у архікатэдральным
касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску і катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя
ў Гродна пройдуць экуменічныя малітвы аб еднасці хрысціян з удзелам прадстаўнікоў
розных хрысціянскіх канфесій.