2015-01-19 14:42:53

В’етнам: пачаўся душпастырскі візіт кардынала Філоні


RealAudioMP3 19 студзеня 2015 г. пачаўся душпастырскі візіт у В’етнам кардынала Фернанда Філоні, прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Пурпурат суправаджаў Пантыфіка падчас яго падарожжа ў Шры-Ланку і на Філіпіны, але пасля яго заканчэння накіраваўся не ў Рым, а ў яшчэ адну азіяцкую краіну, адказаўшы на запрашэнне мясцовага епіскапату. Візіт высокага ватыканскага іерарха працягнецца да 26 студзеня. За гэты час ён правядзе шэраг важных сустрэч ў розных рэгіёнах краіны, сустрэнецца з в’етнамскімі біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі, наведае мясцовыя семінарыі, парафіі, душпастырскія цэнтры. Між іншым кардынал Філоні здзейсніць візіт у марыйны санктуарый ў Лавангу, дзе Маці Божая аб’яўлялася ў 1798 г., і даверыць яе апецы евангелізацыю свету і ў прыватнасці В’етнама.

23 студзеня пурпурат узначаліць Эўхарыстыю з нагоды 400-годдзя пачатку абвяшчэння Божага Слова ў В’етнаме. Літургія пройдзе ў каталіцкай парафіі Хаяну – аднаго з найстаражытнейшых гарадоў краіны. Кардынал Філоні будзе таксама цэлебраваць св. Імшы з нагоды 50-годдзя некаторых в’етнамскіх дыяцэзій.

Візіт высокага ватыканскага іерарха з’яўляецца значнай падзеяй у святле паляпшэння адносін паміж Святым Пасадам і гэтай азіяцкай краінай, якія былі перарваны ў 1975 г. і на працягу апошняга дзесяцігоддзя паступова аднаўляюцца.








All the contents on this site are copyrighted ©.