2015-01-17 12:19:22

Святы Айцец: сапраўднае шчасце – у дапамозе іншым


RealAudioMP3 “Мы будзем асуджаны паводле таго, як адносіліся да бедных”, напісаў папа Францішак у звароце да духавенства архідыяцэзіі Пала, на філіпінскім востраве Таклабан. Кароткая сустрэча Пантыфіка з мясцовымі біскупамі і святарамі, а таксама асобамі, якія пацярпелі ад тайфуна "Хаям", адбылася 17 студзеня 2015 г. у катэдральным касцёле Палы. Ім быў уручаны тэкст паслання Святога Айца, а сам Папа звярнуўся да прысутных толькі са словамі кароткага прывітання. Ён патлумачыў, што пілоты самалёта, на якім ён павінен ляцець у Манілу, настойвалі на неадкладным выляце, у сувязі з набліжэннем трапічнага шторму. Пантыфік папрасіў прабачэння за адсутнасць магчымасці больш грунтоўнага спаткання і заклікаў працягваць маліцца за яго. У тэксце свайго паслання, аднак, ён даў шэраг каштоўных указанняў біскупам, святарам і кансэкраваным асобам Таклабану.

У першую чаргу Папа заклікаў адносіцца да бедных, як да ўсіх іншых людзей – з роўнасцю і павагай да іх годнасці. Францішак пажадаў, каб увага да самых патрабуючых была ў цэнтры палітычных і эканамічных рашэнняў, каб раслі магчымасці звязаныя з атрыманнем адукацыі і працы і былі знічшаны перашкоды для сацыяльнай дзейнасці. Папа звярнуўся да ўсіх адказных за супольнае дабро грамадства з просьбай умацаваць намаганні на карысць сацыяльнай справядлівасці і дапамогі бедным на тэрыторыі ўсіх Філіпін.

Францішак падзякаваў шматлікім святарам і кансэкраваным асобам, якія з вялізарнай шчордасцю адказалі на патрэбы людзей, што пацярпелі ў выніку прыродных катаклізмаў. “Праз вашу прысутнасць і вашу любоў, вы далі сведчанне прыгажосці і праўды Евангелля, зрабілі Касцёл прысутным у якасці крыніцы надзеі, аздараўлення і міласэрнасці. Разам з вашымі блізкімі, вы прадэманстравалі глыбокую веру і нязломнасць філіпінскага народу. Шматлікія гісторыі аб дабрыні і асабістай ахвярнасці, што ўзніклі ў тыя цёмныя дні, павінны быць захаваны ў памяці і перададзены будучым пакаленням”, сказаў ён.

Пантыфік заклікаў прысутную на сустрэчы моладзь, уключаючы семінарыстаў і кансэкраваных асобаў, заўсёды памятаць пра тое, што сапраўднае шчасце нараджаецца ад дапамогі іншым. Жывучы паводле гэтага крытэрыю, на думку Папы, можна стаць сілай неабходнай для абнаўлення грамадства, не толькі праз адбудову будынкаў, але перш за ўсё, праз будаванне Валадарства Божага, Валадарства святасці, справядлівасці і міру ў Айчыне.








All the contents on this site are copyrighted ©.