Францішак заклікаў філіпінцаў умацоўваць інстытут сям'і
Цэнтральнай падзеяй
першага дня падарожжа папы Францішка на Філіпіны, 16 студзеня 2015 г. стала яго сустрэча
з сем’ямі. Яна прайшла на тэрыторыі спартыўнага комплексу “Mall of Asia Arena” у Маніле,
здольнага ўмясціць каля 20 тыс. чалавек. Сустрэча была пазначана радаснай атмасферай
вітання Святога Айца, якое суправаджалася выкананнем традыцыйных спеваў і танцаў,
але таксама і балючымі сведчанні сем’яў, якія сутыкнуліся з досведам беднасці, міграцыі
і хваробаў. У сваім звароце Пантыфік нагадаў пра важнасць “адпачынку ў Богу”. Паводле
слоў Папы, адпачынак неабходны як для фізічнага, так і для псіхічнага здароўя. Адпачываць
з Богам, – падкрэсліў ён, – значыць штозённа звяртацца да Яго з малітвай, а не пераўтварацца
ў “працоўную сілу”, якая ад стомленасці не мае сіл на малітву. У адваротным выпадку,
лічыць Святы Айцец, чалавек губляе пачуццё рэальнасці, адчуванне прысутнасці Бога.
Папа нагадаў, што першая школа малітвы – гэта сям'я. Менавіта тут чалавек вучыцца
бачыць сябе часткай вялікай сям'і Касцёла, жыць для іншых і разам з іншымі.
Папа
падкрэсліў, што вера не адмяжоўвае людзей ад свету, а дапамагае быць актыўнымі, браць
удзел у яго падрыхтоўцы да канчатковага вяртання Бога. Сёння многія сем'і жывуць у
цяжкіх умовах. На Філіпінах гэта прыродныя катастрофы, эканамічныя цяжкасці, міграцыя,
беспрацоўе, фінансавыя праблемы. Многія сем’і жывуць у галечы, іншыя паддаліся ўплыву
матэрыялізму і спажывецкага ладу жыцця, якія разбураюць сямейнае жыццё і маральныя
асновы хрысціянства, заўважыў Пантыфік. Сем'і сутыкаюцца з ціскам рэлятывізму, культуры
эфемернага, якія спрабуюць знішчыць інстытут сужэнства. Францішак заклікаў нягледзячы
на ўсё гэта “паўставаць з Езусам і Марыяй” – умацоўваць інстытут сям'і, як “жыццёвы
рэсурс грамадства”.
Заданне хрысціян, паводле Папы, заключаецца ў тым, каб
быць прароцкім голасам у сваёй супольнасці. Быць уважлівымі да Божага паклікання,
як св. Юзаф, які не толькі дапамог ажыццяўленню боскай задумы адносна Марыі і Езуса,
але і зрабіў так, каб яны сталі благаславеннем для ўсяго чалавецтва. Разам з Марыяй
і св. Юзафам, філіпінскія сем'і таксама павінны стаць прыкладам для моладзі, а значыць
і благаславеннем для ўсяго грамадства, адзначыў Францішак.
Святы Айцец правёў
паралель паміж місіянерскім характарам сем'яў і Годам бедных, які быў абвешчаны на
Філіпінах мясцовым епіскапатам. Ён заклікаў філіпінскія сем’і звярнуць асаблівую ўвагу
на бедных, старых, дзяцей-сірот, забытых і пакінутых блізкімі.
Пасля марыйнай
малітвы, якая закончыла сустрэчу, Францішак вярнуўся ў апостальскую нунцыятуру, дзе
правядзе бліжэйшую ноч.