2015-01-16 12:22:14

Святы Айцец звярнуўся да філіпінскіх святароў і наведаў цэнтр для беспрытульных дзяцей


RealAudioMP3 Бедныя знаходзяцца ў цэнтры Евангелля. Калі мы ўбярэм бедных з Евангелля – не зможам зразумець паслання Хрыста, – адзначыў папа Францішак 16 студзеня 2015 г. падчас Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле Манілы, якую разам з Пантыфікам канцэлебравалі каля 600 мясцовых біскупаў і святароў. У сваёй гаміліі Пантыфік нагадаў, што дзейнасць мінулых пакаленняў каталіцкіх пастыраў дазволіла пашырыць Евангелле ў краіне, а таксама пабудаваць грамадства, заснаванае на міласэрнасці, прабачэнні, дабрачыннасці і салідарнасці. На яго думку, сённяшнім важным заданнем з’яўляецца будаўніцтва мастоў, якія б дапамагалі народам Азіі прымаць Божае слова і на ім будаваць больш справядлівы грамадскі лад, змагацца з прычынамі няроўнасці і несправядлівасці. Евангелле заклікае хрысціянскія супольнасці ствараць “гурткі сумленнасці”, сеткі салідарнасці, якія маглі б пашырацца на ўсё грамадства, лічыць Папа.

Пантыфік нагадаў святарам і кансэкраваным асобам пра важнасць штодзённай малітвы і барацьбы са спакусай прывязанасці да зямных дабротаў. Барацьба з матэрыялізмам і самалюбаваннем, увага да іншых, робяць асобу больш сумленнай і поўнай, што неабходна для эфектыўнага распаўсюджвання Евангелля ў грамадстве, якое прызвычаілася да маргіналізацыі, палярызацыі і шакуючай няроўнасці.

Асаблівым чынам Святы Айцец звярнуўся да маладых святароў і семінарыстаў, якіх заклікаў быць бліжэй да моладзі, якая заблыталася, але ўсё ж працягвае бачыць у Касцёле спадарожніка і крыніцу надзеі. “Будзьце бліжэй да тых, хто жыве ў грамадстве, дзе квітнее галеча і карупцыя, да тых, хто расчараваўся і хоча кінуць школу і жыць на вуліцы. Абвяшчайце хараство і праўду хрысціянскага сужэнства ў грамадстве, якое заблыталася ў сваім бачанні сэксуальнасці, шлюбу і сям'і”, – пажадаў папа Францішак.

500-гадовая гісторыя хрысціянства на Філіпінах дазволіла стварыць вялікі місіянерскі патэнцыял, які павінен прывесці да засваення сучаснай моладдзю хрысціянскай культуры, пранікнення хрысціянскага духу ў філіпінскае грамадства, а праз яго, у іншыя краіны свету, лічыць Святы Айцец.

Пасля св. Імшы, перш чым вярнуцца ў Апостальскую нунцыятуру, папа Францішак наведаў каталіцкі цэнтр для беспрытульных дзяцей. Візіт працягваўся каля 20 хвілін, а сустрэцца з Пантыфікам маглі каля 320 дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.