15 студзеня 2015 г.
папа Францішак пачаў другую частку свайго візіту ў Азію, якая адбудзецца на працягу
трох бліжэйшых дзён на Філіпінах. Перад адлётам у гэту краіну, ён наведаў капліцу
Маці Божай з Ланкі ў Балавалане, у 35 км ад Каломба. Капліца была пабудавана пры культурным
цэнтры імя Бэнэдыкта XVI, заснаваным у 2011 г. з мэтай супрацоўніцтва з уладамі на
карысць пераадолення наступстваў амаль трыццацігадовай грамадзянскай вайны, у якую
была павергнута краіна. Папу прывітаў рэктар структуры. У капліцы, дзе Святы Айцец
правёў некаторы час у маўклівай малітве, прысутнічалі каля 10 езуітаў, хор і некалькі
мясцовых рыбакоў. На вуліцы Пантыфіка віталі каля 250 будаўнікаў, якія прымалі ўдзел
ва ўзвядзенні культурнага цэнтру. Пасля наведвання капліцы, Папа накіраваўся ў Міжнародны
аэрапорт Каломба. Ён развітаўся з Прэзідэнтам краіны Майтрыпалам Сірысенам і каля
6.30 па беларускім часе выляцеў у Манілу. Пералёт заняў каля 6 гадзін. За гэты час
Францішак пераадоліў 4567 км над тэрыторыяй Шры-Ланкі, Індыі, М’янмы, Тайланда, Камбоджы,
В’етнама і Філіпін.
Каля 12.30 па беларускім часе самалёт з Пантыфікам на
борце прызямліўся на аэрадроме вайсковай базы “Віламор” у Маніле. Тут Папу прывітаў
Прэзідэнт краіны Бенігна Акіна ІІІ, прадстаўнікі свецкіх і рэлігійных уладаў. Улічваючы
тое, што ў Філіпінах ўжо наступіў вечар, Святы Айцец адразу накіраваўся ў Апостальскую
нунцыятуру, дзе правядзе бліжэйшую ноч.
Актыўная частка падарожжа Святога Айца
працягнецца 16 студзеня. У Маніле ён сустрэнецца з філіпінскімі сем’ямі і наведае
раёны, пацярпелыя ад тайфуну “Хаян”. У суботу, 17 студзеня, у горадзе Таклабан ён
будзе цэлебраваць св. Імшу, паабедае з пацярпелымі ад тайфуну і благаславіць цэнтр
для бедных, названы яго іменем. У нядзелю, 18 студзеня, у сталіцы Філіпінаў Пантыфік
сустрэнецца з мясцовымі рэлігійнымі лідарамі і моладдзю.