2015-01-14 14:39:03

Папа выказаў пашану сыходзячаму Прэзідэнту Італіі


RealAudioMP3 Папа Францішак скіраваў спецыяльную тэлеграму Прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі Джорджа Напалітана, які 14 студзеня 2015 г. падаў у адстаўку з паста кіраўніка дзяржавы. Святы Айцец запэўніў палітыка ў сваёй духоўнай блізкасці і павазе. “Жадаю выказаць пачуцці шчырай пашаны і гарачага прызнання за Ваша шчодрае і ўзорнае служэнне італьянскаму народу, якое было рэалізавана аўтарытэтна, з вернасцю і нястомнай самаадданасцю супольнаму дабру”, напісаў Пантыфік. Паводле слоў Францішка, “светлае і мудрае” служэнне палітыка паспрыяла ўмацаванню сярод насельніцтва Італіі ідэалаў салідарнасці, адзінства і згоды, асабліва ў еўрапейскім і нацыянальным кантэксце, пазначаным немалымі цяжкасцямі.

89-гадовы Джорджа Напалітана займаў прэзідэнцскае крэсла з 2006 г. Ён пагадзіўся пайсці на другі 7-гадовы тэрмін у кастрычніку 2013 г., калі ў краіне выбухнуў глыбокі палітычны крызіс. Палітык ад самага пачатку не хаваў, што можа скласці паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы дасрочна.

Джорджа Напалітана падтрымліваў добрыя адносіны з Бэнэдыктам XVI і Францішкам. Ён неаднаразова наведваў Ватыкан і спрыяў развіццю дынамічных і глыбокіх адносін паміж Італіяй і Апостальскай Сталіцай.








All the contents on this site are copyrighted ©.