2015-01-14 12:20:19

Пантыфік маліўся ў галоўным марыйным санктуарыі ў Шры-Ланцы


RealAudioMP3 14 студзеня 2015 г. папа Францішак наведаў санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Маду, на поўначы Шры-Ланкі – рэгіёне населеным пераважна тамільскай меншасцю. Марыйны санктуарый у Маду на працягу больш 400 гадоў з’яўляецца галоўным месцам пілігрымак для католікаў усёй краіны. Тут мясцовыя вернікі заўсёды маліліся ў часы пераследаў, войнаў і унутраных канфліктаў. Падчас грамадзянскай вайны 1983-2009 г., санктуарый быў зачынены, бо апынуўся ў самым цэнтры баявых дзеянняў. З часам мясцовыя біскупы дабіліся дэмілітарызацыі тэрыторыі вакол Маду, дзякуючы чаму побач з санктуарыем узнік сапраўдны лагер для тысяч бежанцаў. У красавіку 2008 г. санктуарый быў вернуты дыяцэзіі Манар, а ў 2010 г. быў адкрыты для вернікаў.

“Мы знаходзімся ў доме нашай Маці. Тут шры-ланкцы, тамілы і сінгалы – усе прабываюць, як члены адзінай сям’і”, – сказаў папа Францішак наведваючы святыню. “Марыя, – заўважыў Пантыфік, – з’яўляецца маці кожнага дому, кожнай параненай сям’і, усіх, хто спрабуе вярнуцца на мірнага жыцця. Сёння мы дзякуем ёй за абарону народа Шры-Ланкі ад шматлікіх небяспекаў, мінулых і цяперашніх. Марыя ніколі не забывае сваіх дзяцей гэтага цудоўнага вострава. Як заўсёды прабывала побач са сваім Сынам на крыжы, так заўсёды прабывае побач са сваімі шры-ланкскімі пакутуючымі дзецьмі”.

Францішак заклікаў вернікаў дзякаваць Маці Божай за гэту прысутнасць і магчымасць у малітве знаходзіць сілы для небаходнага прабачэння. “Пасля вялікай нянавісці, насілля і разбурэнняў, хочам падзякаваць ёй за тое, што працягвае несці Езуса, які адзіны мае ўладу залечвання адкрытых ранаў і аднаўлення міру ў разбітых сэрцах”, сказаў Папа.

“Папросім таксама аб ласцы выпраўлення грахоў і ўсяго зла, якое пазнала гэта зямля. Толькі калі ў святле крыжа пачнем усведамляць тое зло, на якое здольныя і саўдзельнікамі якога з’яўляліся, можам перажыць сапраўдную скруху і пакаянне. Толькі тады можам атрымаць ласку набліжэння адно да аднаго з сапраўдным раскаяннем, даючы і просячы аб сапраўдным прабачэнні”, адзначыў Пантыфік.

Папа заклікаў жыхароў Шры-Ланкі браць прыклад з Марыі, ідучы шляхам аднаўлення згоды. “Як прабачыла забойцаў свайго Сына, калі стаяла пад Яго крыжам, трымаючы на руках Яго нежывое цела, так і цяпер, яна жадае весці шры-ланкцаў да яшчэ большага прымірэння, каб бальзам Божага прабачэння мог прынесці сапраўднае аздараўленне ўсім”, сказаў Святы Айцец. Пантыфік пажадаў, каб Маці Божая падтрымлівала сваімі малітвамі мірныя намаганні тамілаў і сінгалаў, па аднаўленні страчанага адзінства.

Пасля малітвы ў санктуарыі ў Маду і благаслаўлення вернікаў, Францішак на верталёце вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Каломба, дзе правядзе бліжэйшую ноч. 15 студзеня 2015 г. ён працягне сваёй “азіяцкае” падарожжа на Філіпінах.









All the contents on this site are copyrighted ©.