Святы Айцец народу Шры-Ланкі: перамагаць зло дабром і жыць як адна сям’я
Міра, згоды і зажыўлення
ран нанесеных грамадзянскай вайной пажадаў папа Францішак народу Шры-Ланкі ў сваім
першым звароце, прамоўленым у аэрапорце Каломба 13 студзеня 2015 г. Святы Айцец назваў
Шры-Ланку “пярлінай Індыйскага акіяна” і пасля прывітання кіраўніка дзяржавы патлумачыў
мэту свайго падарожжа. “Мой візіт перш за ўсё з’яўляецца душпастырскім. Як паўсюдны
пастыр Каталіцкага Касцёла, я прыбыў каб падтрымаць католікаў гэтага вострава і маліцца
разам з імі”, сказаў ён. Пантыфік адзначыў, што падзяляе імкненне мясцовай каталіцкай
супольнасці да быцця актыўнай часткай грамадства. Кульмінацыяй візіту ў краіну стане
кананізацыя Джозэфа Ваза, які сёння, паводле слоў Святога Айца з’яўляецца прыкладам
любові і павагі да кожнага чалавека, незалежна ад яго этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці.
Шры-Ланка
гадамі пакутавала ад жахаў грамадзянскай вайны, а зараз намагаецца залячыць раны і
кансалідавацца ў міры. “Гэта пастаянная трагедыя нашага свету, калі многія супольнасці
знаходзяцца ў вайне паміж сабой. Няздольнасць пагадзіцца ў адметнасцях і рознагалоссях
прыводзіць да этнічных і рэлігійных канфліктаў, якія суправаджаюцца выбухамі насілля”,
сказаў Пантыфік.
Паводле Папы, спадчыну пакінутую канфліктам пераўзыйсці нялёгка,
але для гэтага варта заўсёды перамагаць зло дабром і жыць, выпрацоўваючы цноты якія
спрыяюць згодзе, міру, салідарнасці і імкнуцца да праўды. “Фундаментальна, каб усе
члены грамадства працавалі разам, каб усе мелі голас, прымаючы адно аднаго і навучаючыся
жыць як адзіная сям’я: адметнасць – гэта не пагроза, але крыніца ўзбагачэння”, адзначыў
ён.
Напрыканцы прамовы Францішак прызнаўся, што перакананы ў важнасці ролі
рэлігійных лідэраў у працэсе прымірэння і аднаўлення краіны. Фундаментальным з’яўляецца
спрыянне чалавечай годнасці, клопат аб матэрыяльных патрэбах кожнага і паляпшэнне
інфраструктуры, адзначыў Папа і пажадаў, каб яго прабыванне ў Шры-Ланцы стала знакам
сяброўствам, дыялога і салідарнасці.
Пасля цырымоніі прывітання ў аэрапорце
Пантыфік накіраваўся ў будынак Апостальскай нунцыятуры ў Каломба. На вуліцах горада
яго віталі сотні тысяч людзей, з якімі Папа жадаў падзяліцца знакамі павагі і любові.
Па прычыне недахопу часу, яму прыйшлося адмяніць адзін з пунктаў свайго візіту – сустрэчу
з мясцовым епіскапатам, у якой, замест Святога Айца, прыняў удзел кардынал Дзяржсакратар
Пьетра Паралін.