2015-01-13 15:35:59

Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы: адзінадушна асудзіць акты насілля, якія здзейсняюцца ў імя рэлігіі


RealAudioMP3 Нельга дапускаць, каб рэлігійнымі вераваннямі злоўжывалі дзеля насілля і вайны, сказаў папа Францішак падчас міжрэлігійнай сустрэчы, якая прайшла 13 студзеня 2015 г. у Каломба, у рамках яго падарожжа ў Шры-Ланку і Філіпіны. “Мы павінны быць яснымі і адзінагалоснымі заклікаючы нашы супольнасці ўпоўні жыць мірнымі прадпісаннямі, які прысутнічаюць у кожнай з рэлігій і асуджаючы акты насілля, калі яны здзейсняюцца”, падкрэсліў Пантыфік звяртаючыся да лідэраў мясцовых будыскіх, індуіскіх, мусульманскіх і хрысціянскіх супольнасцяў. “Я прыбыў у Шры-Ланку следам за маімі папярэднікамі, папамі Паўлам VI і Янам Паўлам ІІ, каб прадэманстраваць вялікую любоў і клопат Каталіцкага Касцёла аб Шры-Ланцы”, прызнаўся Святы Айцец. Ён назваў вялікай ласкай магчымасць сустрэчы і малітвы з мясцовымі каталіцкімі супольнасцямі. “Такой самай ласкай з’яўляецца магчымасць быць з усімі вамі, людзьмі розных вялікіх рэлігійных традыцый, якія падзяляеце з намі жаданне мудрасці, праўды і святасці”, сказаў Папа і запэўніў у павазе з боку Каталіцкага Касцёла да прадстаўленых традыцый і рэлігій.

“У гэтым духу павагі Каталіцкі Касцёл жадае супрацоўнічаць з вамі і ўсімі людзьмі добрай волі, у пошуку дабрабыту усіх жыхароў Шры-Ланкі”, падкрэсліў Пантыфік. Ён выказаў пажаданне, каб яго візіт паспрыяў умацаванню міжрэлігійнага і экуменічнага супрацоўніцтва ў краіне.

Гаворачы пра дыялог паміж рэлігіямі, Францішак заўважыў, што ён павінен грунтавацца на поўным і шчырым прадстаўленні перакананняў. “Калі будзем сумленнымі прадстаўляючыя нашы перакананні, будзем у стане больш ясна бачыць тое, што маем супольнага. Новыя шляхі адкрываюцца праз узаемную павагу, супрацоўніцтва, а таксама праз сяброўства”, адзначыў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што міжрэлігійны і экуменічны дыялог маюць асабліва важнае значэнне для Шры-Ланкі, дзе многія людзі сталі ахвярамі грамадзянскай вайны і насілля. “Тое, што патрэбна сёння – гэта аздараўленне і адзінства, а не чарговыя канфлікты і падзелы”, сказаў Пантыфік. Ён заклікаў да супрацоўніцтва пры якім бы ўлічвалася этнічная і рэлігійная ідэнтычнасць усіх грамадзян краіны.

Адказ на шматлікія выклікі і патрэбы можна знайсці толькі ў атмасферы салідарнасці і супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым Папа асаблівым чынам узгадаў пра патрэбы духоўнага і матэрыяльнага характара, крызісныя сітуацыі шматлікіх сем’яў, бедных, магріналізаваных, сем’яў, якія аплакваюць загінуўшых блізкіх людзей.








All the contents on this site are copyrighted ©.