2015-01-10 08:29:56

Хрысціянска-ісламскі астранамічны форум пройдзе ў Кастэль-Гандольфа


RealAudioMP3 “Астраномія ў хрысціянстве і ісламе” – канферэнцыя на такую тэму пройдзе 13-15 студзеня 2015 г. у Кастэль-Гандольфа ў рамках Міжнароднага году святла, абвешчанага ААН. Арганізатарамі форума з’яўляюцца Ватыканская астранамічная абсерваторыя і Пасольства Ірана пры Апостальскай Сталіцы. На іх думку, дыялог паміж ісламам і хрысціянствам з’яўляецца як ніколі неабходным. У прыватнасці астранамічныя традыцыі абедзьвюх рэлігій на працягу стагодзяў узаемна ўзбагачаліся і развіваліся дапамагаючы адна адной. Менавіта гэта супрацоўніцтва будзе ў цэнтры ўвагі даследчыкаў. “Астраномія – гэта агульная спадчына сусветнай супольнасці: ісламская цывілізацыя карысталася дасягненнямі грэцкай астраноміі, каб развіць веды ў ісламскіх краінах, а еўрапейская цывілізацыя карысталася ведамі ісламскіх астраномаў, перакладаючы некаторыя кніні па астраноміі ісламскай цывілізацыі, у сярэдневеччы”, адзначыў Фарыд Гасэмлу, прафесар кафедры гісторыі навукі пры “Ісламскім энцыклапедычным фондзе” у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

“Мы павінны спрабаваць дапамагаць у разуменні таго, што дыялог паміж ісламам і хрысціянствам не павінен абмяжоўвацца толькі сферай права і рэлігіі. Неабходна надаць значэнне таксама навуковым пытанням, як напрыклад астранамічным. Мы жадаем сцвердзіць, што навукоўцы, як ісламскія, так і хрысціянскія, каб пазнаць космас, прайшлі адным шляхам. Пытанні былі аднолькавымі. Усё гэта важна для працягу дыялога аб супольных поглядах, якія маем паміж сабой”, сказаў ён.

Дырэктар Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі кс. Хасэ Фунэс падкрэсліў, што святло, якому ААН прысвяціла 2015 год, грае важную ролю ў штодзённым жыцці. “Касмічнае святло рэгулюе рытмы малітвы, працы і адпачынку. Яно з’яўляецца касмічным пасланнікам, які дапамагае зразумець суствет і праз тэлескопы дазваляе бачыць захапляльныя выявы космасу, сузіраючы ў ім подпіс Стварыцеля”, сказаў ён.


Кс. Фунэс падкрэсліў, што “як хрысціянства, так і іслам маюць вялікія астранамічныя традыцыі”. “Многія зоркі яшчэ сёння носяць імёны вялікіх мусульманскіх астраномаў”, нагадаў езуіт.

Удзельнікі канферэнцыі “Астраномія у хрысціянстве і ісламе” засяродзяцца на такіх тэмах, як Касцёл і астраномія, вывучэнне космасу праз прызму Карана, грыгарыянскі каляндар, гісторыя сусвету і многія іншыя. У рамках форума навукоўцы здзейсняць візіты ў Ватыканскія музеі, Сікстынскую капэлу, Ватыканскую абсерваторыю і Ватыканскія сакрэтныя архівы.








All the contents on this site are copyrighted ©.