2015-01-09 11:18:09

У Ватыкане пройдзе канферэнцыя па Гаіці


RealAudioMP3 Папа Францішак склікае ў Ватыкане канферэнцыю, прысвечанаую землятрусу, які адбыўся на Гаіці 5 гадоў таму. Канферэнцыя, арганізаваная Папскай радай “Cor Unum” і Папскай камісіяй па справах Лацінскай Амерыкі, адбудзецца 10 студзеня 2015 г. Яе мэта – прыцягнуць увагу да краіны, якая працягвае пакутаваць ад наступстваў катастрофы, а таксама пацвердзіць блізкасць Касцёла да народа Гаіці. У канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі Святога Пасада, Касцёла на Гаіці, некаторыя біскупы, прадстаўнікі каталіцкіх арганізацый, манаскіх кангрэгацый, а таксама дыпламаты, акрэдытаваныя пры Апостальскай Сталіцы. Пасля прывітальнага слова кардынала Марка Уэлле, старшыні Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі, і даклада кардынала Рабера Сара, былога старшыні Папскай рады “Cor Unum” першая частка канферэнцыі будзе прысвечана праблемам матэрыяльнай рэканструкцыі і духоўнага адраджэння Гаіці. У 11.30 папа Францішак дасць дэлегатам канферэнцыі аўдыенцыю ў Апостальскім палацы. Другая палова дня будзе прысвечана абмену досведам у галіне міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама абмеркаванню праблем, прыярытэтаў і перспектыў будучай дзейнасці. Канферэнцыя завершыцца Эўхарыстыяй, якую ўзначаліць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Трэба нагадаць, што ў студзені 2010 г. у выніку магутнага землятрусу на Гаіці загінула каля 230 тыс. чалавек, каля 3 млн. засталіся без даху над галавой. Была разбурана сталіца Гаіці, г. Порт-а-Прэнс, значная частка інфраструктуры, будынкаў, а таксама ўсе лякарні краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.