2015-01-09 15:17:37

Папа прызначыў новага сакратара Кангрэгацыі па справах Духавенства


RealAudioMP3 8 студзеня 2015 г. папа Францішак прызначыў на пасаду сакратара Кангрэгацыі па справах Духавенства 70-гадовага французскага святара кс. Жоэля Мерсье, да гэтага, супрацоўніка Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Кс. Мерсье, які ў бліжэйшы час атрымае біскупскае пасвячэнне, зойме пасаду, на якой да гэтага часу працаваў іспанскі арцыбіскуп Сэльсу Морга Ірусубьета, прызначаны ў кастрычніку 2014 г. біскупам-каад’ютарам архідыяцэзіі Мерыда-Бадахос у Іспаніі. Новапрызначаны сакратар Кангрэгацыі па справах Духавенства, нарадзіўся ў 1945 г. на захадзе Францыі. Атрымаў святарскае пасвячэнне ва ўзросце 25 гадоў. Вучыўся ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Пасля некалькіх гадоў працы ў адной з французскіх парафіі стаў капеланам каталіцкіх калегіўмаў і ліцэяў у дыяцэзіі Анжэ. Быў асабістым сакратаром мясцовага біскупа, канцлерам дыяцэзіяльнай курыі і выкладаў тэалогію.

З 2002 працаваў у Кангрэгацыі па справах Біскупаў, а ў верасні 2007 г. увайшоў у склад выхаваўцаў пры Папскай французскай духоўнай семінарыі ў Рыме. Такім чынам, папа Францішак выбраў на пасаду сакратара Кангрэгацыі па справах Духавенства чалавека, які доўгі час працаваў у адной з важнейшых ватыканскіх дыкастэрый і мае непасрэдны досвед працы ў сферы выхавання святароў. Кс. Жоэль Мерсье будзе працаваць пад кіраўніцтвам кардынала Беньяміна Стэлы, які ўзначальвае Кангрэгацыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.