Пантыфік: толькі Святы Дух робіць сэрца паслухмяным Богу і свабодным у любові
Толькі Святу Дух робіць
сэрца паслухмяным Богу і свабодным у любові, сцвердзіў папа Францішак 9 студзеня 2015
г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік заўважыў, што адчуваць
бацькоўства Бога і быць адкрытымі на яго любоў не могуць навучыць ні прабыванне ў
позе ёга, ні курсы дзэн-духоўнасці. Гэту сілу мае толькі Святы Дух. Францішак пахіліўся
над евангельскім фрагментам, у якім апавядаецца пра тое, як Езус хадзіў па вадзе пасля
здзяйснення цуду памнажэння хлябоў. Вучні, аднак, вельмі здзіўляліся ў душы і не разумелі
цудаў, таму што “іх сэрца было скамянелым”. Паводле Папы, прычыны такой паставы сэрца
могуць быць рознымі. Гэта можа быць перажыты “балючы досвед” або закрытасць у сябе
– самалюбаванне і самаабарона праз будаванне муроў вакол сябе. Прычынай “скамянеласці
сэрца” можа быць літаральнае выкананне ўстаноўленых запаведзяў. Людзі, якія шукаюць
бяспекі ў прысвязанасці да прадпісанняў, атрымліваюць бяспеку, якую можна параўнаць
з турэмнай – у ёй няма свабоды, прынесці якую прыйшоў Езус, звярнуў увагу Пантыфік.
Сэрца, калі становіцца цвёрдым, ужо не свабоднае, таму што не любіць, адзначыў ён.
Толькі “дасканалая любоў праганяе страх”, а вучыць гэтай любові Святы Дух.
“Ты
можаш прайсці тысячы катэхетычных курсаў, курсаў па духоўнасці, ёзе, дзэну і ўсім
гэтым рэчам. Але гэта ніколі не зможа даць табе сыноўнюю свабоду”, - сказаў Папа.
Ён падкрэсліў, што толькі Святы Дух робіць людзей сапраўды свабоднымі.