2015-01-08 12:35:27

У Ватыкане агучылі падрабязнасці падарожжа Папы на Філіпіны і Шры-Ланку


RealAudioMP3 Папа Францішак адправіцца 12-19 студзеня 2015 г. у сваё сёмае апостальскае падарожжа за межы Італіі – на Філіпіны і Шры-Ланку. У сувязі з гэтым кіраўнік ватыканскай Залы Друку кс. Федэрыка Ламбардзі паведаміў журналістам некаторыя дэталі падарожжа, якое сведчыць пра ўвагу Пантыфіка да Азіі. Ён нагадаў, што Францішак паляціць у Азію па слядах сваіх папярэднікаў Паўла VI, які наведваў Філіппіны ў 1970 г., і Яна Паўла II, які пабываў на Філіпінах і Шры-Ланцы ў 1981 і 1995 гг. Падчас падарожжа Святы Айцец будзе выступаць выключна на ангельскай мове.

Францішак наведае Шры-Ланку 13-14 студзеня 2015 г., неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне. Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што візіт не давядзецца на перыяд выбарчай кампаніі. У аўторак, 13 студзеня, у Каломба адбудзецца міжрэлігійная сустрэча, вельмі важная для краіны, 70% насельніцтва якой складаюць будысты, 12-13% – паслядоўнікі індуізму, 10% – мусульмане і 7% хрысціяне, пераважна католікі. На сераду, 14 студзеня, запланавана св. Імша з нагоды кананізацыі бл. Джозэфа Ваза, рэлігійнага дзеяча, які адыграў важную ролю ў евангелізацыі Шры-Ланкі ў XVII- XVIII стст. Потым Папа памоліцца ў Святыні Маці Божай Ружанца у Маду на поўначы краіны, дзе большасць насельніцтва складаюць тамілы. У сваім звароце ён надасць асаблівую ўвагу неабходнасці прымірэння пасля канфлікту, які скончыўся ў 2009 г., пасля 30 гадоў кровапраліцця.

15 студзеня пасля візіту ў капліцу Маці Божай з Ланкі ў Балавалане, Францішак адправіцца на Філіпіны, насельніцтва якіх рыхтуецца да 500-й гадавіны евангелізацыі ў 2021 г. У пятніцу, 16 студзеня ў Маніле адбудзецца сустрэча з сем’ямі – найважнейшым інстытутам у гэтай самай вялікай каталіцкай краіне Азіі. Затым Пантыфік наведае раёны, пацярпелыя ад тайфуну “Хаян”, які забраў жыцці 8 тыс. чалавек, разбурыў 500 тыс. дамоў і прычыніў шкоду 15 млн чалавек. На думку кіраўніка ватыканскай прэс-службы, прысутнасць Папы прынясе заспакаенне і суцяшэнне народу, пацярпеламу ад аднаго з наймацнейшых тайфунаў у гісторыі чалавецтва. У суботу, 17 студзеня, у горадзе Таклабан Пантыфік будзе цэлебраваць св. Імшу, у Пала ён паабедае з пацярпелымі ад тайфуну і благаславіць Цэнтр ім. папы Францішка для бедных, пабудаваны пры ўдзеле Папскай рады “Cor Unum”. У нядзелю, 18 студзеня, у сталіцы Філіпінаў адбудзецца сустрэча з мясцовымі рэлігійнымі лідарамі і моладдзю, а такасама св. Імша. У панядзелак, 19 студзеня, вяртаючыся ў Ватыкан, Францішак праляціць над шэрагам краін, у тым ліку і над Беларуссю, і накіруе прывітальныя тэлеграмы іх кіраўнікам.








All the contents on this site are copyrighted ©.