2015-01-08 14:24:16

Беларусь: сёстры Маці Тэрэзы больш за 20 гадоў дапамагаюць самым бедным


RealAudioMP3 Адзіныя ў Беларусі прадстаўніцы Кангрэгацыі сясцёр місіянерак любові – больш вядомыя як сёстры Маці Тэрэзы з Калькуты – служаць у Гомелі. Законніцы з розных краін утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ужо больш за 20 гадоў і займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Пасля таго, як чалавек цвёрда стаў на ногі, ён выходзіць з Дому міласэрнасці і пачынае новае жыццё. Многія “выпускнікі” сясцёр – цяпер сталыя парафіяне касцёла. Дарэчы, менавіта на базе Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы некалі пачала працаваць першая ў Гомелі група “Ананімных алкаголікаў”, праз якую рэабілітаваліся ўжо дзесяткі людзей.

Цяпер, у зімовы час, Дом міласэрнасці таксама служыць начлежкай для некалькіх бяздомных. Яшчэ місіянеркі раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем’яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем’яў. І амаль кожны дзень сёстры рыхтуюць гарачыя абеды для дзесяткаў бедных і бяздомных. Адзінае правіла для наведвальнікаў – прыйсці ў Дом міласэрнасці цвярозым.

Вось і 7 студзеня, калі праваслаўныя адзначаюць Нараджэнне Хрыстова, сёстры зладзілі святочны абед для бедных і бяздомных, бо большасць з іх – праваслаўныя. У гэты марозны дзень Дом міласэрнасці наведалі рэкордная колькасць маючых патрэбу людзей – больш за 130 чалавек. Кожны атрымаў порцыю з гарачай стравай – курыцай і бульбяным пюрэ, а таксама салату, гарбату. Хапіла на ўсіх. На выхадзе наведвальнікам далі калядныя падарункі: садавіну і цукеркі.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё пагутарыла з 48-гадовым былым бяздомным Мікалаем, які ўжо каля году жыве ў Доме міласэрнасці, дзе пачалося яго новае жыццё: “Спярша я прыходзіў сюды проста на абед, а пазней сёстры мяне прынялі ў Дом міласэрнасці. Дапамаглі аднавіць дакументы, знайсці сябе, прывялі мяне да Бога. Раней я верыў у Яго толькі на словах, але тут я навучыўся сапраўды верыць Яму, верыць Богу. Сёстры нікога не адштурхоўваюць, яны коряць, апранаюць, надаюць асаблівую ўвагу бяздомным. Дзякуй ім вялікі, што яны ёсць!”, - сказаў былы бяздомны.

І такіх як Мікалай – ужо вельмі шмат, многія праз сясцёр Маці Тэрэзы ператварыліся з бяздомных алкаголікаў у паспяховых людзей з добрай працай і сям’ёй. І яны ніколі не забываюць пра Дом міласэрнасці, збіраюцца тут на святы, дзеляцца сваім вопытам з тымі, хто толькі пачынае свой шлях да новага жыцця.

Дарэчы, парафіяне гомельскага касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць бяздомных, прыходзячы на працу ў сталовую. І ўсё гэта – простыя, але так патрэбныя для гэтых людзей рэчы: раздаць ежу, памыць посуд, прынесці ім вопратку ці абутак.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.







All the contents on this site are copyrighted ©.