2015-01-07 14:17:52

Французскі кардынал: Папа хоча ляцець у Ірак


RealAudioMP3 “Папа Францішак хоча паехаць у Ірак – у кароткае падарожжа. Усяго на адзін дзень: вылет з Рыма, прыбыццё ў Багдад, прывітанне ўладаў. Далей Эбрыл, на поўначы, каб убачыць, сустрэць, абняць хрысціянскіх бежанцаў з Масула, цэлебраваць Імшу, і нарэшце вярнуцца ў Рым, вечарам таго самага дня”, - распавёў у інтэрв’ю італьянскаму выданню “Avvenire” французскі кардынал Філіп Барбарэн. За некалькі апошніх месяцаў ён наведаў Ірак ужо двойчы. Напачатку снежня 2014 г. з амаль сотняй вернікаў Ліёнскай архідыяцэзіі ён прыбыў у Эбрыл, каб выказаць іракскім бежанцам матэрыяльную і духоўную салідарнасць і перадаць відэапасланне папы Францішка.

“Мы ехалі туды, каб будаваць дамы і школы, прывесці лекі, устанавіць малітоўныя сувязі паміж сем’ямі, і нават абмяняцца фотаздымкамі – каб бачыць аблічча чалавека, за якога молішся”, - распавёў пурпурат. Удзельнікі пілігрымкі арганізавалі працэсію са свечкамі ў горадзе Эбрыл, у якой прынялі ўдзел каля 10 тыс. чалавек – не толькі хрысціяне, але і мусульмане.

Перад адлётам на Блізкі Усход кардынал Барбарэн сустракаўся з Пантыфікам і горача заклікаў ляцець разам. “Я вазьму Вас з сабой і прывязу ў Ірак”, - казаў ён. Папа “засмяяўся і вырашыў запісаць відэапасланне, вельмі цудоўнае, якое нам даверыў, каб сказаць іракскім хрысціянам: дзякуй за вашу вернасць Хрысту, ад Якога ніхто з вас не адмовіўся”, - падзяліўся французскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.