7 студзеня папа Францішак
правёў першую ў новым 2015 годзе агульную аўдыенцыю, падчас якой працягнуў цыкл катэхез
пра сям’ю. Ён засяродзіўся над роляй маці і нагадаў пра дасканалы прыклад Марыі –
Маці Езуса, на які літургія асабліва часта звяртае увагу ў перыяд Божага Нараджэння.
“Кожная чалавечая асоба абавязана жыццём сваёй маці, і амаль заўсёды абавязана ёй
сваім далейшым існаваннем, чалавечым і духоўным выхаваннем. Маці, аднак, будучы вельмі
ўзвышанай з сімвалічнага пункту гледжання – шмат паэзіі, шмат цудоўных рэчаў гаворыцца
аб маці – бывае недастаткова выслуханай і падтрыманай у штодзённым жыцці, бывае недастаткова
ацэнена яе цэнтральнае месца ў грамадстве. Больш за тое, гатоўнасцю маці ахвяраваць
сабой на карысць уласных дзяцей часта карыстаюцца, каб “эканоміць” на сацыяльных выдатках”,
- сказаў Папа. Паводле Францішка, існуе патрэба ў большым усведамленні “штодзённай
барацьбы”, якую маці вядуць, каб быць паспяховымі на працы і ўважлівымі і любячымі
ў сям’і.
“Мацярынства з’яўляецца самым моцным проціяддзем супраць пашырэння
эгаістычнага індывідуалізму. “Індывід” азначае “непадзельны”. Маці, аднак “паздзяляюцца”,
пачынаючы з таго моманту, калі становяцца прытулкам для дзіцяці, каб даць яго свету
і дапамагчы яму вырасці. Менавіта яны, маці, больш за ўсё ненавідзяць вайну, якая
забівае іх дзяцей. Я часта думаю пра тых маці, якія атрымалі ліст са словамі: “Паведамляю,
што Ваш сын загінуў баронячы радзіму...”. Бедныя жанчыны. Як пакутуюць маці! Яны з’яўляюцца
сведкамі прыгажосці жыцця”, - падкрэсліў Папа.
Францішак нагадаў пра існаванне
“мацярынскага мучаніцтва”, аб якім казаў Слуга Божы арцыбіскуп Оскар Рамэра. “Даць
жыццё, не азначае быць забітым”, але азначае даваць яго “у маўчанні, малітве, у годным
выкананні абавязкаў, у цішыні штодзённага жыцця”, як гэта робіць маці, якая “без страху,
з прастатой мацярынскага мучаніцтва, зачынае ва ўлонні дзіця, дае яго свету, корміць
яго, дапамагае яму расці і даглядае за ім”, нагадаў Папа словы сальвадорскага іерарха.
Быць маці – не азначае толькі нарадзіць дзіця, гэта жыццёвы выбар, які заключаецца
ў тым, каб даваць жыццё, перакананы Пантыфік.
“Грамадства без маці было б
негуманным, таму што маці здольныя заўсёды сведчыць, таксама і ў горшыя моманты, аб
пяшчоце, самаадданасці, маральнай сіле. Маці часта перадаюць таксама і самы глыбокі
сэнс рэлігійных практык: у першыя малітвы, у першыя жэсты пабожнасці, якім вучыцца
дзіця, упісана каштоўнасць веры ў жыцці чалавека. Гэта пасланне веруючыя маці здольныя
перадаваць нават без шматлікіх тлумачэнняў – яны прыйдуць пазней, але зерне веры,
знаходзіцца ў гэтых першых, найкаштоўнейшых момантах. Без маці, не толькі не было
б новых вернікаў, але і вера згубіла б добрую частку свайго простага і глыбокага цяпла”,
- сказаў Францішак.
На заканчэнне аўдыенцыі, Папа асаблівым чынам прывітаў
моладзь, хворых і маладых сужонкаў і пажадаў першым быць сведкамі святла Хрыстовага,
тым, хто хварэе – мужна перажываць у гэтым святле свой боль, а тым, хто нядаўна стварыў
сям’ю – быць знакам прысутнасці Бога праз сваю верную любоў.