2015-01-06 12:17:03

Святы Айцец: мы можам знайсці Езуса ў пакутах іншых


RealAudioMP3 Біблійныя мудрацы з усходу прадстаўляюць людзей, “шукаючых Бога ў рэлігіях і філасофіях усяго свету”. Яны паказваюць шлях для жыцця сучасных людзей: адказаць на пакліканне Святога Духа і шукаць святло, ідучы за святлом, каб асабіста сустрэцца з сапраўдным Богам, падкрэсліў папа Францішак падчас Эўхарыстыі 6 студзеня 2015 г., ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. Францішак нагадаў, што шлях мудрацоў быў нялёгкім і напоўненым выпрабаваннямі. У палацы Ірада яны згубілі са зроку зорку і сустрэліся з першай спакусай: хітрасцю Ірада, які шукаў смерці Нованароджанага. “Ірад быў чалавекам улады, які ў іншым бачыў толькі суперніка. На самой справе, ён лічыў сваім супернікам таксама і Бога, больш за тое – самым небяспечным супернікам”, - сказаў Папа. Тут, паводле яго, мудрацы перажылі момант цемры, спусташэння, які здолелі пераадолець дзякуючы парадам Святога Духа, які прамаўляў праз прароцтвы Святога Пісання.

Калі мудрацы адшукалі Збаўцу, сутыкнуліся з іншай спакусай: непрыняццем Яго маласці. Тым не менш, “упаўшы, пакланіліся Яму”, ахвяруючы каштоўныя і сімвалічныя дары. Пад кіраўніцтвам Святога Духа яны дайшлі да разумення, што крытэрыі Бога вельмі адрозніваюцца ад чалавечых, што Бог не аб’яўляецца ў моцы гэтага свету, але звяртаецца да нас ў пакоры сваёй любові. “Мудрацы з’яўляюцца прыкладам навяртання да сапраўднай веры, таму што больш паверылі ў Божую дабрыню, чым ў ілюзорнае ззянне ўлады”, - адзначыў Пантыфік.

Гаворачы пра актуальную сітуацыю ў свеце, Святы Айцец нагадаў пра войны, эксплуатацыю дзяцей, катаванні, гандаль зброяй і людзьмі. “Ва ўсіх гэтых з’явах, ва ўсіх самых малых братах і сёстрах, якія пакутуюць ад гэтых сітуацый, прысутнічае Езус”, сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што сапраўдная хвала Божая схавана ў бэтлеемскіх яслях, крыжы Галготы, пакутах братоў і сясцёр, і менавіта ў гэтую таямніцу здолелі ўвайсці тры мудрацы, якіх сёння ўспамінае Касцёл.








All the contents on this site are copyrighted ©.