2015-01-06 15:16:48

Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё – 65


RealAudioMP3 6 студзеня 2015 г. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё адзначае 65-годдзе свайго існавання. На працягу гэтага доўгага часу, з самага цэнтру каталіцтва, для беларускіх радыёслухачоў штодзённа гучаць словы Папы. Дзейнічае сайт і старонка рэдакцыі ў “Facebook”. Пяціхвілінны агляд асноўных падзей тыдня, падрыхтаваны ў Ватыкане, кожную нядзелю трансліруецца на хвалях Першага каналу Беларускага нацыянальнага радыё. А як усё пачыналася? Адкуль, сярод супрацоўнікаў папскай радыёстанцыі з’явіліся беларусы?

Гісторыя рэдакцыі пачалася ў пасляваенны перыяд, калі на тэрыторыі Усходняй Еўропы былі ўсталяванны атэістычныя рэжымы і пачаўся пераслед Касцёла. Апостальская Сталіца не магла заставацца абыякавай да лёсу мільёнаў вернікаў, якія апынуліся за “жалезнай заслонай”. Адной з эфектыўных прыладаў для распаўсюджвання Евангелля і падтрымкі сувязі з Пантыфікам у такіх умовах было менавіта Ватыканскае радыё.

Падчас ІІ Сусветнай вайны быў раскрыты вялікі патэнцыял радыёхваляў – з іх дапамогай Папа часта звяртаўся да бакоў з заклікам спыніць кровапраліццё, падтрымліваў вернікаў, дыктары чыталі спісы імёнаў вайскоўцаў, якія згубілі сувязь са сваякамі, апавядалася пра патрэбы ў тых ці іншых лагерах для ваеннапалонных.

Пасля вайны ўзнікла новая патрэба – несці Евангелле і слова Пантыфіка туды, дзе вернікі засталіся без душпастырскай апекі. Для гэтага былі набыты магутныя радыёперадатчыкі, усталяванны новыя антэны, быў заснаваны шэраг моўных рэдакцый. На працягу 1945-1950 гг. узніклі ці аднавілі сваю дзейнасць венгерская, румынская, чэшская, літоўская, украінская, руская, славенская, латышская, славацкая, балгарская, харвацкая секцыі Ватыканскага радыё.


Узнікненне Беларускай рэдакцыі было звязана з асобай кс. Пятра Татарыновіча – каталіцкага святара з Піншчыны, палымянага прапаведніка і патрыёта Беларусі. Яшчэ да прыбыцця ў Вечны горад ён займаўся перакладчыцкай і пісьменніцкай дзейнасцю, друкаваўся ў беларускіх рэлігійных выданнях і рэдагаваў некаторыя з іх. Кс. Татарыновіч быў вядомым беларускім душпастырам і грамадскім дзячам, які неаднаразова падвяргаўся пераследу за сваю актыўную патрыятычную пазіцыю.

У Рыме, кс. Татарыновіч апынуўся восенню 1945 г. Па прыбыцці ён пасяліўся ў генеральным доме айцоў-мар’янаў. Тут пражываў яшчэ адзін беларускі святар, будучы епіскап Чэслаў Сіповіч. Пра іх першую сустрэчу ён успамінаў: “Аднаго дня неяк пад вечар уваліліся ў наш дом са сваімі хатулямі з шумам група святароў, клерыкаў і законных братоў. Усе былі летувісы марыяны, уцекачы з Летувы, ахвяры вайны. Сярод іх, як нейкі вынятак з правіла, быў кс. Татарыновіч. Калі ўсе гаманілі голасна і весела – бо ж наканец дабраліся жывыя да свайго законнага дому – наш Пётр стаяў абапёршыся аб балясы сходаў бледны і змучаны, поўны нейкай задумы. Чакаў, як і ўсе іншыя, пакуль знойдзецца яму пакой”. На той момант кс. Татарыновічу было ўжо 49 гадоў.

На першым этапе беларускаму святару дапамагаў генеральны настаяцель ордэна мар’янаў, літоўскі біскуп Францішак Бучыс, які адначасова быў заснавальнікам і кіраўніком Літоўскай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Гэты біскуп добра ведаў пра духоўныя патрэбы беларусаў і паміж імі завязалася плённае сяброўства.

Іерарх зрабіў кс. Татарыновічу рэкамендацыю, неабходную для паступлення ў Папскі Усходні інстытут, дзе той абараніў доктарскую дысертацыю, дапамагаў яму ў выданні беларускамоўнага часопісу “Źnič”. Не выключана, што кантакты з біскупам Бучысам маглі паўплываць на ўключэнне кс. Татарыновіча ў працу Ватыканскага радыё і заснаванне там Беларускай рэдакцыі. Але гэта толькі гіпотэза.
Трэба адзначыць, што упершыню беларуская мова загучала на хвалях Ватыканскага радыё ў вігілію Божага Нараджэння 1949 г. З нагоды ўрачыстасці і пачатку юбілейнага 1950 года папа Пій XII напісаў спецыяльнае пасланне, якое, па яго просьбе, павінна было быць перакладзена на розныя мовы і перададзена на хвалях папскай радыёстанцыі. Падрыхтоўкай гэтага эфіру і заняўся кс. Татарыновіч. У выніку 24 снежня 1949 г. у 13.30 па рымскім часе слова Папы з самаго Ватыкану загучала па-беларуску.

Праз некалькі тыдняў, 6 студзеня 1950 г., праграмы на беларускай мове пачалі выходзіць рэгулярна. Менавіта гэты дзень і лічыцца датай заснавання рэдакцыі, хоць першапачаткова ў ёй працаў толькі адзін чалавек – кс. Пётр Татарыновіч.

Пазней на старонках часопіса “Źnič” ён пісаў: “Браты беларусы! Ваша мова дачакалася найвышэйшага прызнання! Вы можаце карыстацца ёю ў кожную пятніцу ў 18.30, слухаючы Ватыканскіх радыёперадачаў...”. “Радыёапарат павінен быць найлепшае якасці”, - падкрэсліваў святар.

Першапачаткова праграмы па-беларуску выходзілі ў эфір адзін раз на тыдзень і працягваліся каля 10 хвілін. Кс. Татарыновіч рыхтаваў кароткі агляд асноўных падзей з Ватыкана, апавядаў пра жыццё Касцёла і беларускіх эмігрантаў, чытаў у эфіры пераклады папскіх зваротаў і рэлігійную літаратуру. Паступова павялічвалася колькасць эфірнага часу і праграмы пачалі выходзіць часцей. Канешне павялічвалася і колькасць супрацоўнікаў, сярод якіх былі выдатныя постаці, дбайныя пастыры і сапраўдныя патрыёты. Сёння, святкуючы сваё 65-годдзе, Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё стараецца верна выконваць місію “голаса Папы”.







All the contents on this site are copyrighted ©.