2015-01-05 12:44:28

“Азіяцкі” візіт Папы: усе прамовы па-ангельску, свабодная дыскусія з біскупамі, тэлеграма кіраўніцтву Беларусі


RealAudioMP3 Падчас “азіяцкага” падарожжа папу Францішка будзе суправаджаць 85 журналістаў. Пантыфік накіруецца 12 студзеня 2015 г. з 8-дзённым візітам на Шры-Ланку і Філіпіны. Арганізатар папскіх падарожжаў Альберта Гасбары назваў тры галоўных матывы выбару гэтых краін у якасці мэты пілігрымкі Святога Айца: вельмі шырокая прысутнасць місіянераў, цяжкая спадчына канфліктаў і жаданне працягваць міжрэлігійны дыялог. Візіт на Філіпіны першапачаткова планаваўся на 2016 год, прызнаўся Гасбары, але быў паскораны па прычыне цяжкіх наступстваў ад тайфуна 2013 года і 10-годдзя магутнага цунамі. Пантыфік пажадаў як мага хутчэй асабіста падтрымаць філіпінскі народ, і таму 17 студзеня цалкам будзе прысвечаны ахвярам стыхійных бедстваў. Францішак наведае пацярпелыя тэрыторыі і адкрые цэнтр дапамогі ахвярам, фінансаванне якога адбывалася са сродкаў Святога Пасаду.

Цікава, што ў Шры-Ланцы падчас спаткання з мясцовым епіскапатам не прадугледжана прамовы Святога Айца, біскупы пажадалі свабоднай размовы і дыскусіі з Францішкам. Адметным стане таксама і тое, што ўсе прамовы Папы падчас “азіяцкага” візіту прагучаць па-ангельску.

Падчас зваротнага шляху ў Рым самалёт з Пантыфікам на борце будзе пралятаць праз тэрыторыю Беларусі, таму плануецца, што Францішак накіруе прывітальную тэлеграму кіраўніцтву краіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.