2015-01-04 15:05:59

Папа: будаваць мір, пачынаючы з маленькіх жэстаў (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Мір трэба будаваць пачынаючы з маленькіх жэстаў, у сям’і або ў любым іншым месцы і асяродзі, адзначыў папа Францішак перад традыцыйнай нядзельнай малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 4 студзеня 2015 г. “Св. Ян кажа, у Евангеллі якое мы чыталі сёння: “У ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека”, – нагадаў Папа. – Людзі шмат кажуць пра святло, але часта аддаюць перавагу падманліваму супакою цемры. Мы шмат кажам пра мір, але часта звяртаемся да вайны, выбіраем маўчанне або не робім нічога канкрэтнага дзеля будавання міру. Правільна кажа св. Ян: “Ён прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі. Суджэнне такое: святло – Езус – прыйшло ў свет, але людзі аддалі перавагу цемры, бо іх справы былі злымі. Кожны, хто чыніць зло – ненавідзіць святло! І не прымае святло, каб не былі адкрыты яго справы. Так кажа Евангелле паводле св. Яна. Сэрца чалавека можа адмаўляць святло і аддаваць перавагу цемры, таму што святло адкрывае яго злыя справы. Хто чыніць зло – ненавідзіць святло! Хто чыніць зло – ненавідзіць мір!

Некалькі дзён таму мы пачалі новы год у імя Маці Божай, святкуючы Сусветны дзень міру, які прысвечаны тэме “Ужо не рабы, але браты”. Маё пажаданне заключаецца ў тым, каб былі пераадолены любыя формы эксплуатацыі аднаго чалавека іншым. Гэта эксплуатацыя з’яўляецца сацыяльнай ранай, якая забівае міжасабовыя адносіны і перашкаджае супольнаму жыццю заснаванаму на павазе, справядлівасці і любові. Кожны чалавек і кожны народ маюць прагу міру, таму, тым больш неабходна і тэрмінова важна будаваць яго!

Мір не з’яўляецца толькі адсутнасцю вайны, але агульным станам у якім чалавечая асоба знаходзіцца ў гармоніі сама з сабой, з прыродай і іншымі. Такі мір. Тым не менш, спыненне грохату зброі і агменяў вайны застаецца непазбежнай умовай для таго, каб даць пачатак шляху, што вядзе да дасягнення міру ў яго розных аспектах. Я думаю пра канфлікты, якія яшчэ заліваюць крывёю многія рэгіёны планеты, пра напружанасці ў сем’ях і супольнасцях: у колькіх сем’ях, супольнасцях, у тым ліку парафіяльных, вядуцца войны! Я думаю таксама пра кантрасты ў нашых гарадах і краінах паміж групамі рознага культурнага, этнічнага і рэлігійнага паходжання. Мы павінны пераканаць сябе, што нягледзячы на тое, што можа здавацца, згода заўсёды магчымая, на любым узроўні і ў любой сітуацыі. Няма будучыні без мірных намераў і планаў! Няма будучыні без міру!

Бог, у Старым Запавеце, даў адно абяцанне. Прарок Ісая казаў: “Перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць” (Іс 2,4). Як гэта цудоўна! Мір быў абвешчаны, як асаблівы дар Бога, падчас нараджэння Збаўцы: “На зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2,14). Гэты дар патрабуе, каб аб ім няспынна прасілі ў малітве і штодзённа прымалі прыкладаючы намаганні, у сітуацыях у якіх знаходзімся. На пачатку гэтага новага года, мы ўсе пакліканы зноў запаліць сэрцы імпульсам надзеі, які павінен выліцца ў канкрэтныя ўчынкі на карысць спакою. “У цябе не добрыя адносіны з пэўным чалавекам?” – “Прымірыся”; “У доме?” – “Прымірыся!”; “У супольнасці” – “Прымірыся!”; “На працы?” – “Прымірыся!”. Чыніце справы супакою, прымірэння і братэрства. Кожны з нас павінен чыніць жэсты братэрства ў адносінах да бліжніх, асабліва тых, хто падвергнуты выпрабаванню напружанасці ў сям’і або рознагалоссяў рознага кшталту. Гэтыя маленькія жэсты маюць вялікую каштоўнасць: яны могуць быць зернямі, што даюць надзею, могуць адкрываць шляхі і перспектывы для міру.

Звернемся зараз да Марыі, Каралевы супакою. Яна, падчас свайго зямнога жыцця, спазнала немала цяжкасцяў, звязаных са штодзённымі жыццёвымі клопатамі. Але ніколі не згубіла спакою ў сэрцы – плёну даверлівага аддання міласэрнасці Божай. Марыю, нашу пяшчотную Маці, папросім паказаць усяму свету надзейны шлях любові і міру”.

Пасля марыйнай малітвы, Святы Айцец па традыцыі прывітаў шматлікія групы пілігрымаў сабраных на плошчы св. Пятра і пажадаў правесці нядзелю ў міры і супакоі, не забываючы падтрымліваць яго малітвай.








All the contents on this site are copyrighted ©.