Святы Айцец сустрэнецца з былымі вязнямі канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц”
З нагоды 70-й гадавіны
вызвалення канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц” яго былыя польскія зняволеныя 7 студзеня
2015 г. будуць прыняты на аўдыенцыі ў Ватыкане папам Францішкам. Іх будуць суправаджаць
таксама былыя вязні нацысцкіх катавальняў з Францыі, Германіі і Чэхіі. Яны ўручаць
Пантыфіку статуэтку “Дар памяці” Міжнароднага асвенцымскага камітэту. У аўдыенцыі
прымуць удзел таксама прадстаўнікі Міжнароднага дома сустрэч моладзі ў Асвенцыме і
навучэнцы пры канцэрне “Volkswagen”, якія ў студзені 2014 г. на працягу двух тыдняў
працавалі ў Дзяржаўным музеі Аўшвіц-Біркенаў. Яны таксама з’яўляюцца аўтарамі статуэткі,
зробленай у выглядзе лацінскай літары “B” з надпісу на аўшвіцкіх варотах “ARBEIT MACHT
FREI”. Зняволеныя ў знак пратэсту спецыяльна прыпаялі яе адваротным бокам. Статуэтка
“Дар памяці” прысуджаецца асобам, асаблівым чынам звязаным з абаронай правоў чалавека
і барацьбой супраць антысемітызму і ксенафобіі.
Канцэнтрацыйны лагер “Аўшвіц”
стаў для ўсіх сімвалам тэрору, генацыду і Халакоста. Ён быў створаны немцамі ў 1940
г. на ўскраіне Асвенцыма, уключанага ў склад Трэцяга рэйху. Першапачаткова ён павінен
быў быць чарговым канцэнтрацыйным лагерам, якія ствараліся нацыстамі ад пачатку 1930-х
гадоў. Аднак з 1942 г. ён стаў адным з цэнтраў “канчатковага рашэння яўрэйскага пытання”
– нацысцкага плану забойства яўрэяў на акупаваных тэрыторыях Рэйху. Менш чым за пяць
гадоў існавання “Аўшвіца” тут загінула ад 1 да 1,5 млн чалавек, большасць з якіх яўрэі,
палякі і цыгане. Акрамя таго, у лагеры было забіта і замучана каля 15 тыс. савецкіх
ваеннапалонных і 10-15 тыс. вязняў іншых нацыянальнасцяў – чэхаў, беларусаў, югаславаў,
французаў, немцаў і аўстрыйцаў.
Лагер быў вызвалены 27 студзеня 1945 г. Чырвонай
Арміяй.