2015-01-02 12:59:47

Кардыналу Джавані Лаёле – 80 гадоў



RealAudioMP3 3 студзеня 2015 г. кардыналу Джавані Лаёле споўніцца 80 гадоў, у сувязі з чым ён пакіне групу кардыналаў-выбаршчыкаў, лік якіх складзе 110 чалавек. Колькасць пурпуратаў, што не маюць права ўдзельнічаць у абранні Рымскага Пантыфіка, дасягне 98 чалавек. Кардынал Лаёла нарадзіўся ў 1935 г. у італьянскай Навары. У 1960 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Праходзіў навучанне ў мюнхенскім Універсітэце ім. Людвіга Максіміліяна на факультэце кананічнага права. Яго дыпламатычная кар’ера пачалася ў 1969 г. у Германіі, на пасадзе сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Боне. У 1974 г. ён пачаў працу ў Святым Пасадзе. У 1985-1989 гг. быў выкладчыкам Папскай касцёльнай акадэміі.

У 1988 г. тады яшчэ ксёндз Джавані Лаёла быў прызначаны сакратаром Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, а ў 1989 г. атрымаў біскупскае пасвяэнне. Ён уваходзіў у склад міждэкастэрыяльнай камісіі па ўнясенні паправак у Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, якую ўзначальваў кардынал Ёзэф Ратцынгер. У 1995 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем у ФРГ. У 2003 г. Ян Павел II прызначыў яго сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. На гэтай пасадзе ён між іншым прадстаўляў Ватыкан на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН.

У 2006-2011 гг. тады арцыбіскуп Лаёла займаў пасаду старшыні Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан, а таксама ўзначальваў ватыканскі губернатарат. З 2007 г. – кардынал.

Трэба нагадаць, што 14-15 лютага 2015 г. адбудзецца другі кансісторый папы Францішка, на якім адбудзецца ўзвядзенне некалькіх іерархаў у кардынальскую годнасць. Іх імёны стануць вядомыя ў бліжэйшы час.








All the contents on this site are copyrighted ©.