Візіт Пантыфіка на Шры-Ланку ўзмоцніць міжрэлігійныя сувязі
Хрысціяне Шры-Ланкі
з нецярпеннем чакаюць Святога Айца, які 13-15 студзеня наведае востраў з трохдзённым
візітам. Апостальскае падарожжа Пантыфіка ў гэтую краіну адбудзецца ўсяго праз пяць
дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў. У сувязі з гэтым каталіцкія лідары Шры-Ланкі звярнуліся
з просьбай не палітызаваць візіт Папы і не распальваць канфлікты ў краіне. Арцыбіскуп
Каломба кардынал Малькольм Ранджыт заклікаў прэзідэнта краіны і апазіцыю прадухіліць
насілле і даць людзям магчымасць мірнага волевыяўлення. 18 снежня два галоўных кандыдаты
ў прэзідэнты запэўнілі Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў Шры-Ланкі ў тым, што іх перадвыбарчыя
кампаніі пройдуць мірна і без інцыдэнтаў. Улады Шры-Ланкі рыхтуюцца да сустрэчы з
Пантыфікам, прадпрымаючы меры бяспекі ў сталіцы і іншых месцах, якія ён наведае.
Большасць
насельніцтва Шры-Ланкі вызнае будызм. Каталіцкая меншасць імкнецца жыць у гармоніі
з вызнаўцамі іншых рэлігій. Наведванне краіны Рымскім Пантыфікам можа мець вялікае
значэнне ў паслабленні напружаных адносін паміж рознымі супольнасцямі і ўзмацненні
міжрэлігійных сувязяў. Плануецца, што ў сустрэчы з Францішкам прымуць удзел будысцкія
манахі, індуісцкае і мусульманскае духавенства і таксама лідэры іншых хрысціянскіх
супольнасцяў. Акрамя таго, візіт Папы можа дапамагчы краіне загаіць раны нядаўняй
вайны ўрада Шры-Ланкі з “Тамільскімі тыграмі”, выказаў спадзяванне кардынал Ранджыт.