2015-01-01 13:00:30

Папа ў Сусветны дзень міру: Божа, надары нашы дні спакоем


RealAudioMP3 На мацярынства Касцёла звярнуў увагу Святы Айцец 1студзеня 2015 г. падчас сваёй гаміліі на Эўхарыстыі ва Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі. Ён нагадаў, што Найсвяцейшая Дзева аб’яднана з Езусам, “таму што атрымала ад Яго пазнанне сэрца, пазнанне веры, якое сілкуецца досведам маці і ўнутранымі адносінамі з Сынам”. Такім жа чынам “неаддзельныя адзін ад аднаго Хрыстус і Касцёл”, звярнуў увагу Францішак, “і не можна зразумець збаўлення, здзейсненага Езусам, не прымаючы да ўвагі мацярынства Касцёла”. Наша вера – гэта “не абстрактная ідэя або філасофія, а жыватворчыя адносіны, напоўненыя асобай Езуса Хрыста”, Якога “сустракаем у Касцёле”. Таму Касцёл – гэта “Маці, якая пяшчотна ахоўвае Езуса і дае Яго ўсім з радасцю і шчодрасцю”. “Ніводнае аб’яўленне Хрыста, нават самае містычнае, ніколі не можа быць аддзелена ад цела і крыві Касцёла, ад гістарычнай канкрэтнасці Цела Хрыстова”, - сказаў Папа і дадаў, што “без Касцёла Езус Хрыстус, у канчатковым рахунку, зводзіцца да ідэі, маралі, нейкага пачуцця”, а нашы адносіны з Хрыстом без Касцёла будуць зводзіцца да нашага ўяўлення, інтэрпрэтацыі або настрою.

На заканчэнне гаміліі Пантыфік адзначыў, што Хрыстус “ёсць благаслаўленнем для кожнага чалавека і для ўсяго чалавецтва”, а Касцёл, даючы нам Езуса, удзяляе нам паўнату благаслаўлення Пана”. У Сусветны дзень міру ён скіраваў просьбу да Бога, каб Ён “надарыў нашы дні спакоем”.







All the contents on this site are copyrighted ©.