2015-01-01 12:25:30

Даследчык Бібліі: ёсць патэнцыял для перакладу Святога Пісання на беларускую мову


RealAudioMP3 Пераклад Бібліі на нацыянальную мову застаецца актуальным пытаннем для Беларусі, упэўнены кс. Сяргей Сурыновіч, пробаш парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі і студэнт факультэта біблійнай тэалогіі Універсітэта Стэфана Вышынскага ў Варшаве. У ХХ стагоддзі было некалькі сур’ёзных спробаў перекласці Кнігу кніг на беларускую мову: Янкі Станкевіча, Васіля Сёмухі, Уладзіслава Чарняўскага, і ў кожнага з гэтых варыянтаў – свае плюсы. Але ж галоўным і адзіным мінусам з’яўляецца тое, што пераклады рабіліся не з арыгінальных моваў. А у гэтым, як кажуць, і ўся соль. У стагоддзі ХХІ-м да пытання перакладу вярнуліся беларускія энтузіасты – філолагі, святары і прафесійныя перакладчыкі. Нават, выйшлі два переклады Новага Запавету – працы Клышкі і Бокуна. Але поўнага перакладу Святога Пісання да гэтага часу краіна не мае. Увогуле, гэта працэс вельмі складаны, доўгі і дынамічны, адзначыў кс. Сяргей Сурыновіч у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. “Кожны новы пераклад – гэта дапаўненне, паглыбленне, таму што біблійныя тэксты пастаянна даследуюцца, з’яўляюцца новыя факты, знаходзяць новыя папірусы, нешта дадаецца, нешта адымаецца. Таму гэта працэс, які будзе актуальны заўсёды”, - лічыць святар.

Актывізавалася праца па перакладзе 3-4 гады назад, усё пачалося з невялікага семінара ў Мінску, потым – адмысловая секцыя на кангрэсе ў Каўнасе. Па меншай меры, філолагі класічнай беларускай мовы і перакладчыкі-гебраісты вызначыліся з шматлікімі паняццямі, напрыклад, канцэпцыяй перакладу, метадалогіяй і важнейшым з іх – крыніцай перакладу, каб далей працаваць у адзіным ключы, паведаміў кс. Сяргей. “І гэта згуртаванне людзей – даследчыкаў беларускай мовы і культуры – працуе далей, яны збіраюцца кожны год у Каўнасе восенню. І гэта добрая тэндэнцыя, калі сучасныя даследчыкі біблійных тэкстаў датыкаюцца менавіта да арыгінальных моваў: Новы запавет – з грэцкай, а Стары запавет – з габрэйскай, каб гэтыя пераклады маглі радаваць чытачоў у будучым”, - падзяліўся святар.

Кожны з даследчыкаў бярэцца за сваю тэматыку. Напрыклад, сам кс. Сяргей працуе над слоўнікам імён уласных і геаграфічных назваў з грэцкай мовы – гэта вялікая і складаная частка. Што казаць, калі ўсе перакладчыкі пагадзіліся толькі з адным імем – Адам, астатнія – сустракаюцца ў 15-20 варыянтах. Але ўжо і сённяшнія напрацоўкі карысныя тым, хто працуе над перакладам зараз і будзе гэта рабіць у будучым. Чаму ж да гэтага часу Беларусь не мае поўнага перакладу – задаецца пытаннем святар? На гэта ёсць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны: час, сродкі, фізічныя магчымасці лінгвістаў. “Пераклад нават аднаго раздзелу можа трываць тыдзень, таму што гэта не толькі пераклад тэкста на беларускую мову. Гэта навуковы і культурны аналіз, гэта экзэгеза, гэта вялікі працэс, які мае некалькі слаёў. На гэта трэба час. Фінансавы бок – таксама вельмі важны. На гэты праект патрэбны нейкія сродкі – гэта адназначна”, - сказаў кс. Сяргей.

Што важна, гаворка не ідзе пра замену літургічных тэкстаў (а Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква маюць уласныя пераклады Новага Запавету і іншых багаслужбовых кніг на беларускую мову). Гаворка ідзе пра літаратурны, зразумелы для ўсіх пераклад – як для прадстаўнікоў розных канфесій, так і для прадстаўнікоў розных груп насельніцтва, нават нягледзячы на блізкасць да рэлігіі. “Ведаеце, я не губляю надзеі, што менавіта Каталіцкі Касцёл выступіць некалі з такой ініцыятывай. Хаця б з маленькага кроку пачаць: сабраць прадстаўнікоў усіх канфесій, якія існуюць у Беларусі і дамовіцца аб адзіным варыянце малітвы “Ойча Наш” на беларускай мове, каб мы маглі, сабраўшыся разам на нейкіх мерапрыемствах, мовіць аднолькава галоўную малітву. Гэта быў бы маленькі крок наперад, які рана ці пазней мог прывесці да працы нейкай камісіі, якая б зрабіла экуменічны пераклад з дамоўленасцямі наконт лексікі, якую б прынялі ўсе канфесіі”, - падзяліўся думкамі святар.

Нягледзячы на ўсе “за” ці “супраць”, духавенства, перакладчыкаў, лінгвістаў яднае адно жаданне – мець галоўную кнігу хрысціянства на беларускай мове, лічыць святар. А значыць, праца будзе працягвацца і, магчыма, некалі такі пераклад паўстане, спадзяецца кс. Сяргей Сурыновіч.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.