Кардынал Таран пра вынікі і перспектывы міжрэлігійнага дыялогу
Старшыня Папскай рады
па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран падвеў вынікі года і падзяліўся з
чытачамі “Osservatore romano” сваімі думкамі аб перспектывах дзейнасці дэкастэрыі
ў 2015 г. Паводле яго, мы перажываем адзін з самых змрочных момантаў у гісторыі чалавецтва.
Не праходзіць і дня без трагічных падзей у розных кутках свету. Становішча пагаршае
той факт, што насілле здзяйсняецца ў імя Бога. У такой сітуацыі, лічыць іерарх, не
могуць не паўстаць пытанні: ці заслугоўваюць рэлігіі даверу, і ці заслугоўвае даверу
міжрэлігійны дыялог, асабліва, дыялог паміж хрысціянамі і мусульманамі?
У
гэтых складаных умовах Папская рада па міжрэлігійным дыялогу працягвала і нават інтэнсіфікавала
сваю дзейнасць у 2014 г. У прыватнасці, у жніўні, калі хрысціянскую супольнасць і
іншыя меншасці ў Іраку спасціг пераслед з боку Ісламскай дзяржавы, ватыканская дэкастэрыя
апублікавала дэкларацыю, якая мела шырокі рэзананс. У лістападзе ў Рыме адбыўся семінар
у рамках каталіцка-мусульманскага форума, у якім прынялі ўдзел 12 прадстаўнікоў з
кожнага боку, а таксама міжрэлігійная канферэнцыя, прысвечаная пытанням узаемадапаўняльнасці
мужчын і жанчын. У Тэгеране была праведзена сустрэча прадстаўнікоў Папскай рады па
міжрэлігійным дыялогу і іранскага Цэнтра міжрэлігійнага дыялогу. У снежні ў Рыме адбыўся
саміт, у якім удзельнічалі хрысціянскія (католікі, англікане, прэсвітарыянцы) і мусульманскія
(суніты і шыіты) рэлігійныя лідэры і інтэлектуалы. У якасці ганаровых гасцей на саміт
былі запрошаны прадстаўнікі Канстантынопальскага Патрыярхату і юдаізму. Працягваецца
супрацоўніцтва Ватыкана са З’ездам лідэраў сусветных і традыцыйных рэлігій, які праходзіць
у казахстанскай Астане, а таксама з Міжнародным цэнтрам міжрэлігійнага і міжкультурнага
дыялогу імя караля Абдалы, што ў Вене.
Кардынал Таран нагадаў, што дзейнасць
Рады мае асабліва вялікае значэнне ў напружаныя часы міжрэлігійных канфліктаў. Сам
факт правядзення сустрэч, перамоў, абмеркавання супольных дэкларацый з’яўляецца красамоўным
сведчаннем для народаў, прадстаўнікі якіх прымаюць удзел у дыялогу. Гэтыя людзі –
рэлігійныя лідэры, інтэлектуалы, універсітэцкія выкладчыкі – аказваюць аўтарытэтны
ўплыў на маладое пакаленне. На думку ватыканскага іерарха, каб дасягнуць пазітыўных
змен, трэба перш за ўсё ўнесці змены ў адукацыю моладзі, у вучэбныя тэксты. Двухсэнсоўныя,
памылковыя ці абразлівыя спасылкі на рэлігіі нясуць велікую шкоду. Таму старшыня Папскай
рады вітае перагляд вучэбных тэкстаў, у першую чаргу, падручнікаў па рэлігіі і гісторыі.
Кардынал Таран звярнуў увагу таксам на падрыхтаваны яго Радай дакумент “Дыялог
у праўдзе і міласэрнасці”, у якім мясцовыя Касцёлы могуць знайсці кіруючыя ўказанні
адносна дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігій.