2014-12-29 14:12:52

Кс. Фэдэрыка Ламбардзі: Папа мабілізаваў Касцёл і людзей добрай волі


RealAudioMP3 27 снежня 2014 г. кіраўнік Залы друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё падвёў вынікі дзейнасці Папы Францішка ў 2014 г. Ён лічыць, што падарожжа Пантыфіка ў Святую Зямлю было вяртаннем да вытокаў, каранёў хрысціянства, да месца “сустрэчы Хрыста з чалавецтвам”. Сустрэчы Святога Айца з Патрыярхам Барталамеем у Іерусаліме і Канстантынопалі, на думку святара, з’яўляюцца знакам надзеі на шляху экуменізму. Апостальскія падарожжы Францішка ў Азію, дзе не змог пабываць яго папярэднік, сведчаць пра ўвагу Касцёла да гэтай самай вялікай часткі чалавецтва. Падарожжа ў Албанію кажа пра рашэнне Пантыфіка пачаць з перыферыі, каб дасягнуць сэрца кантынента.

Кс. Ламбардзі лічыць, што папа Францішак будзе працягваць дзейнасць сваіх папярэднікаў па выкананні рашэнняў II Ватыканскага сабора. Аб гэтым сведчаць праведзеныя сёлета кананізацыі і беатыфікацыя трох Пантыфікаў: св. Яна XXIII, бл. Паўла VI і св. Яна Паўла II, у жыцці і служэнні якіх II Ватыканскі сабор займаў цэнтральнае месца.

Сінод Біскупаў на тэму сям’і – магчыма, самая галоўная справа папы Францішка ў 2014 г., бо закранае жыццё кожнага з нас, адзначыў кс. Ламбардзі. На яго думку, Святы Айцец падняў цяжкія і далікатныя пытанні, але ў гэтым была сапраўдыная неабходнасць. Сярод іншых, важных для Папы, тэм у 2014 г.: мір, барацьба з беднасцю, эксплуатацыяй, рабствам, гандлям людзьмі, пераследам хрысціянаў. Францішак зноў і зноў закранаў гэтыя пытанні ў сваіх зваротах, пасланнях, выступленнях. Ён сапраўды мабілізаваў Касцёл і людзей добрай волі, лічыць кіраўнік Залы друку Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.