2014-12-27 13:24:11

Пантыфік на Філіпінах – “тайфун духоўнага абнаўлення”


RealAudioMP3 “Міласэрнасць і спачуванне”, - гэтыя словы з’яўляюцца тэмай папскага візіту на Філіпіны. Падрыхтоўка да студзеньскай пілігрымкі Францішка была ў цэнтры святкаванне Божага Нараджэння ў гэтай астраўной дзяржаве. У касцёлах маліліся аб тым, каб Папа ініцыяваў “тайфун духоўнага абнаўлення”. Таксама прайшло шмат акцый для бедных і патрабуючых у раёнах, пацярпелых ад разбуральнага урагану “Yolanda”. “Мы перажываем Божае Нараджэнне поўнае надзеі, таму што, хоць адчуваем шматлікія праблемы і зносім стыхійныя бедствы, з якімі мы павінны змагацца, людзі чакаюць з вялікай надзеяй папскага візіту”, - сказаў айцец Себасцьян Д’Амбра, які працуе на востраве Мінданао, у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Ён адзначыў, што ў філіпінскіх сродках масавай інфармацыі амаль кожны дзень ёсць нешта аб візіце Святога Айца. Гэтыя святы прайшлі ў астраўной дзяржаве пад знакам салідарнасці з беднымі, бо такая тэма суправаджала сёлетнюю падрыхтоўку да 500-годдзя евангелізацыі на Філіпінах. У гэтым кантэксце часта ўзгадвалася, што Францішак з’яўляецца “Папам бедных”.

Таксама мусульмане рыхтуюцца да візіту Пантыфіка. Айцец Д’Амбра паведаміў, што дыялог з вызнаўцамі ісламу адбываецца на ўзроўні правоў чалавека, бо на Філіпінах усё яшчэ шмат насілля, багатыя багацеюць, пры тым, што колькасць бедных трывожна расце.

Візіт Францішка на Філіпіны пройдзе 15-19 студзеня 2015 г. Ён правядзе спатканні з Прэзідэнтам краіны, кіраўніцтвам дзяржавы і дыпкорпусам, узначаліць св. Імшы, сустрэнецца з сем’ямі і ахвярамі тайфуну, правядзе спатканні з мясцовым духавенствам і семінарыстамі, маладдзю, а таксама мясцовымі рэлігійнымі лідэрамі. Пілігрымка на Філіпіны адбудзецца адразу пасля візіту Святога Айца ў Шры-Ланку, які распачнецца 13 студзеня 2015 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.