2014-12-25 14:05:52

“Urbi et Orbi”: у гэта Божае Нараджэнне шмат слёз спалучаецца са слязамі Дзіцятка Езуса (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Дарагія браты і сёстры, добрых святаў Божага Нараджэння!”, - так распачаў 25 снежня 2014 г. сваё святочнае пасланне папа Францішак, звяртаючыся да тысяч вернікаў, сабраных на ватыканскай плошчы, з цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра. Адным з пунктаў яго сёлетняга паслання стала Украіна. Пантыфік пажадаў пераадолення канфлікта і перамогі над нянавісцю і насіллем у гэтай краіне.“Езус, Сын Божы, Збаўца свету, нарадзіўся для нас. Ён нарадзіўся ў Бэтлееме ад Дзевы, выконваючы старажытныя прароцтвы. Імя Дзевы – Марыя, а яе мужа – Юзаф. - звярнуўся Святы Айцец - Гэта сціплыя людзі, поўныя надзеі ў дабрыню Бога, якія прымаюць Езуса і прызнаюць Яго. Гэтак жа Святы Дух асвяціў пастухоў з Бэтлеема, якія прыбеглі ў пячору і пакланіліся Дзіцяці. Тады Святы Дух прывёў старцаў Сімяона і Ганну ў ерузалемскі храм, і яны прызналі Езуса як Месію. “Бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў” (Лк 2, 30-31), - сказаў Сімяон.

Так, браты, Езус ёсць збаўленнем для кожнага чалавека і кожнага народу!

Яго, Збаўцу свету, прашу ахоўваць нашых братоў і сясцёр у Іраку і Сірыі, якія даўно пакутуюць ад наступстваў цяперашняга канфлікту, і разам з прадстаўнікамі іншых этнічных і рэлігійных груп адчуваюць на сабе жорсткі пераслед. Няхай гэта Божае Нараджэнне дасць ім надзею, як і многім перасяленцам, выгнаным і бежанцам, дзецям, дарослым і пажылым, у гэтым рэгіёне і ва ўсім свеце. Няхай зменіць абыякавасць на блізкасць, а непрыманне на гасціннасць, каб тыя, хто перажывае ў гэты час цяжкі досвед, маглі атрымаць неабходную гуманітарную дапамогу і знесці цяжар зімы, каб вярнуцца ў сваю краіну і жыць годна. Няхай Пан адкрые сэрца на давер і дасць свой спакой усяму Блізкаму Усходу, пачынаючы ад зямлі, благаслаўлёнай Яго нараджэннем, падтрымліваючы намаганні тых, хто актыўна ўдзельнічае ў дыялогу паміж ізраільцянамі і палестынцамі.

Няхай Езус, Збаўца свету, сцеражэ тых, хто пакутуе ва Украіне і надорыць гэту любімую зямлю пераадоленнем напружанасці, перамогай над нянавісцю і насіллем і распачаццем новага працэсу братэрства і прымірэння.

Няхай Хрыстус Збаўца падорыць спакой Нігерыі, дзе зноў праліваецца кроў, і дзе многія людзі несправядліва выкрадаюцца ў сваіх блізкіх, утрымліваюцца ў якасці закладнікаў або забіваюцца. Я малюся за мір у іншых частках афрыканскага кантынента. Я думаю асабліва пра Лівію, Паўднёвы Судан, Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку і розныя рэгіёны Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Я прашу ўсіх палітычных лідэраў праз дыялог уключыцца ў пераадоленне канфліктаў і пабудову трывалага братняга суіснавання.

Няхай Езус выратуе шматлікую колькасць дзяцей, якія з’яўляюцца ахвярамі насілля, сталі аб’ектам торгу і гандлю людзьмі або былі вымушаны стаць салдатамі, сталі ахвярамі злоўжыванняў. Няхай дасць суцяшэнне сем’ям загінулых на мінулым тыдні ў Пакістане дзяцей. Няхай будзе блізка да ўсіх, хто пакутуе ад хвароб, у прыватнасці, да ахвяр эпідэмій ліхаманкі Эбола, асабліва ў Ліберыі, Сьера-Леонэ і Гвінеі. Сардэчна дзякуючы тым, хто імкнецца дапамагчы хворым і іх сем’ям, я зноў тэрмінова заахвочваю даць ім неабходны догляд і лячэнне.

Езус Дзіцятка! Мае думкі кірую да ўсіх дзяцей, якіх сёння забіваюць і з якімі абыходзяцца жорстка; тых, каго ўжо перад тым, як убачыць свет, пазбавілі высакароднай любові сваіх бацькоў і пахавалі ў эгаізме культуры, якая ненавідзіць жыццё; дзяцей, вымушаных перасяляцца па прычыне войнаў і пераследу, насілля і эксплуатацыі на нашых вачах і пры нашым маўклівым саўдзеле; дзяцей, забітых у выніку бамбардаванняў, таксама і там, дзе нарадзіўся Сын Божы. Нават сёння іх бездапаможнае маўчанне крычыць пад мечам шматлікіх Ірадаў. Над іх крывёй сёння стаіць цень сучасных Ірадаў.

Сапраўды, у гэта Божае Нараджэнне так шмат слёз спалучаецца са слязамі Дзіцятка Езуса.

Дарагія браты і сёстры! Няхай Святы Дух асвеціць сёння нашы сэрцы, каб мы маглі заўважыць у Дзіцятку Езусе, народжаным у Бэтлееме ад Дзевы Марыі, збаўленне, дадзенае Богам для кожнага з нас, кожнага чалавека і ўсіх народаў зямлі. Няхай сіла Хрыста, якая з’яўляецца вызваленнем і служэннем, адчуецца ў многіх сэрцах, якія церпяць пераслед, войны, абмежаванні. Няхай праз сваю лагоднасць гэта Божая сіла выдаліць цвёрдасць з сэрц многіх мужчын і жанчын, пагружаных у марнасць і абыякавасць, у глабалізацыю абыякавасці. Няхай Яго адкупленчая моц перакуе зброю на аралы, разбурэнне ў творчасць, нянавісць у любоў і пяшчоту. Тады мы зможам сказаць з радасцю: “Нашы вочы ўбачылі Тваё збаўленне”, - завяршыў святочнае пасланне Пантыфік.

Пасля яго Францішак удзяліў вернікам сваё благаслаўленне “Urbi et Orbi” (Гораду і Свету).







All the contents on this site are copyrighted ©.