2014 год для Касцёла ў Беларусі – напружаны, але плённы
Адыходячы год у Каталіцкім
Касцёле Беларусі быў насычаны падзеямі рознага плану – ад умацавання касцёльных структур
да моцнага духоўнага імпульсу падчас юбілеяў і святочных набажэнстваў, адзначыў арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага
радыё. Пасвячэнні атрымалі тры новыя біскупы, прызначаныя папам Францішкам у лістападзе
2013 г., але на 2014 г. прыйшлося ўступленне іерархаў на пасаду і першыя крокі ў новай
якасці. Так, мясцовы Касцёл атрымаў не толькі падтрымку, але і адчуў павагу да сябе
з боку Святога Пасада. Увогуле 2014 г. быў і напружаным, і плённым, лічыць арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч. “Найперш, у пастырскай праграме гэта быў Годам малітвы, як першы
год падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, якое мы будзем адзначаць у 2017
г. Таксама важнай падзеяй стала святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння кардынала
Казіміра Свёнтка, які стаў сапраўднай іконай Каталіцкага Касцёла Беларусі – жывым
мучанікам і прыкладам веры”, - адзначыў іерарх.
Арцыпастыр нагадаў, што Касцёл
працягне рыхтавацца да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай і ў наступным
годзе. 2015 г. аб’яўлены Годам навяртання, яго дэвіз – “Марыя – прытулак грэшнікаў”.
А ў сувязі з гэтым ўзнікла і ідэя арганізаваць у парафіях адмысловыя місіі. Таксама
ўвагу і падтрымку зноў жа атрымаюць спартыўныя спаборніцтвы сярод каталіцкіх святароў.
Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе, які прайшоў у лютым на Гродненшчыне, паказаў вялікую
цікавасць да такіх мерапрыемстваў, як сярод духавенства, так і сярод свецкіх. Больш
за тое, Чэмпіянат станоўча паўплываў не толькі на імідж Каталіцкага Касцёла, але і
ўсёй краіны.
Сярод асабліва значных падзей Мітрапаліт адзначыў правядзенне
праваслаўна-каталіцкага форума, які адбыўся ў беларускай сталіцы ў красавіку, сабраў
прадстаўнікоў 20 краін і паказаў, што хрысціяне імкнуцца разам супрацьстаяць выклікам
часу, Мінск – лепшая пляцоўка для такіх сустрэч, а Праваслаўная і Каталіцкая Цэрквы
ў Беларусі гатовы супрацоўнічаць далей. “Нашы брацкія Цэрквы менавіта тады злучыліся
разам, абмяркоўваючы духоўны стан Еўропы і шукаючы лекаў, як выйсці з гэтай хваробы.
Гэта вельмі важна ў сучасным свеце і гэты форум яшчэ раз паказаў, што мы павінны быць
адзінымі ў барацьбе супраць секулярнага зла. Я маю непасрэдныя кантакты з Мітрапалітам
Паўлам, мы не аднойчы сустракаліся. І падрыхтоўка да гэтага форума паказала, што мы
можам працаваць. Удзел прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы ў нашых мерапрыемствах кажа
аб тым, што мы далей будзем развіваць нашы адносіны, каб сумесна сведчыць аб хрысціянстве”,
- сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Таксама іерарх расказаў пра некаторыя
падзеі, якія чакаюць Касцёл у Беларусі ў наступным годзе. Сярод іх – і агульнанацыянальная
пілігрымка на Святую Зямлю для ўсталявання ўжо трэцяга знака – табліцы з гімнам Панны
Марыі “Magnificat”, і правядзенне канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю завяршэння Другога
Ватыканскага Сабору, пад знакам гэтай даты будзе ў 2015 г. таксама жыць Паўсюдны Касцёл.
Але ёсць і тыя, да якіх, на першы погляд, ужо ўсе прывыклі: і тыдзень малітваў аб
еднасці хрысціян, і працэсіі Божага Цела, і малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы,
і, вядома, урачыстасці ў Будславе. Але і ў гэтых, традыцыйных падзеях, будуць свае
адмысловыя знакі, лічыць Мітрапаліт. Напрыклад, да Маці Божай Будслаўскай кожны год
прыходзіць усё больш і больш людзей, нягледзячы на юбілеі, даты, надвор’е, а, значыць,
вернікі Беларусі давяраюць сябе заступніцтву апякункі і жадаюць жыць з Богам. А як
гэта можа не здзіўляць і радаваць?