2014-12-24 15:17:43

Падчас святочнай літургіі Папа пачуе твор свайго любімага кампазітара


RealAudioMP3 24 снежня 2014 г. у 21.30 папа Францішак узначаліць св. Імшу ў ноч Божага Нараджэння. Яна адбудзецца ў ватыканскай базыліцы пры ўдзеле шматлікіх кардыналаў, біскупаў і арцыбіскупаў, святароў, законнікаў і вернікаў з усіх частак свету. Для Францішка гэта будзе другое Божае Нараджэнне, праведзенае ў Ватыкане на пасадзе Наступніка св. Пятра. Падчас сёлетняй святочнай папскай літургіі будзе гучаць музыка Вольфганга Амадэя Моцарта - „Et incarnatus est”. Яго выканае сімфанічны аркестр з Піцбурга пад кіраўніцтвам Манфрэда Хонека. Аўстрыйскі дырыжор выканае твор аднаго з самых любімых кампазітараў Францішка.

56-гадовы Хонек з 2008 г. з’яўляецца музычным дырэктарам Пітсбургскага сімфанічнага аркестра. Музыкант не хавае, што вера дапамагае яму ў падыходзе да твораў, асабліва калі яны былі створаны пад уплывам хрысціянскай духоўнасці. Для яго вера – гэта своеасаблівы праваднік па свеце музыкі. “Яна дазваляе мне пагрузіцца ў маю душу. Таму музыка, верагодна, выплывае з глыбіні гэтых сфер маёй душы”, - сказаў Хонек у адным з інтэрв’ю, адзначыўшы, што свой духоўны падыход не навязвае іншым выканаўцам.

Хонек стараецца штодзённа прымаць удзел у св. Імшы. Часам разам з іншымі музыкантамі моліцца перад канцэртамі. У яго доме ў Альтах у Аўстрыі ёсць прыватная капліца. Дырыжор не шкадуе сродкаў на дабрачыннасць і падтрымлівае асабістыя адносіны з кожным членам калектываў, у якіх працуе, і звычайнымі супрацоўнікамі філармоній.

Аўстрыйскі музыкант думаў стаць святаром, але, сустрэўшы сваю будучую жонку, прыняў гэта ў якасці знаку, дадзенага Богам. Святаром жа стаў яго старэйшы брат.







All the contents on this site are copyrighted ©.