2014-12-24 13:57:55

Беларусь: у каталіцкую Дзіцячую вёску прыйшлі святы


RealAudioMP3 У Гомельскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, якім апякуюць сёстры бэнэдэктынкі-самарытанкі, 23 снежня 2014 г. прайшоў Калядны ранішнік. Свята для хворых дзяцей зладзілі персанал інтэрната і група студэнтаў-валанцёраў. Выхаванцаў Дзіцячай вёскі парадавалі прадстаўленнем і падарункамі, выступалі на свяце і самі дзеці-інваліды. Мерапрыемства стала сапраўды экуменічным: яго наведалі каталіцкі і праваслаўны святары, прадстаўнікі ўладаў і мясцовых-арганізацый спонсараў. Першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацабароне Гомельскага аблвыканкама Леанід Мальчук заявіў на свяце, што ў наступным годзе плануецца пачаць будаўніцтва другой чаргі Дзіцячай вёскі.

“У будаўніцтва першай чаргі інтэрната ўкладзена каля трох мільёнаў еўра спонсараў, намячаецца ў наступным годзе пачаць другую чаргу, усе пытанні ўжо агавораны, у тым ліку са спонсарамі. Плануецца пабудаваць працоўныя майстэрні для рэабілітацыі, медблок і адміністрацыйны корпус. Гэта добры дом-інтэрнат, ёсць усе ўмовы, каб дзеці сябе адчувалі нармальна. Сістэма – сямейнага тыпу, старэйшыя дапамагаюць даглядаць за малодшымі. Усё добра арганізавана, дапамагаюць сёстры, якія працуюць з цяжкімі дзецьмі. Мы задаволеныя, што стварылі гэты дом-інтэрнат”, - распавёў падрабязнасці Леанід Мальчук Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Сястра Каміла, якая выконвае абавязкі па кухні і працуе “мамай” у адным з дамоў, распавяла, як у яе атрымоўваецца ўжо шмат гадоў працаваць з дзецьмі з самымі цяжкімі захворваннямі. “Без дапамогі Бога гэта немагчыма. Гэта ласка, якую мы атрымліваем ад Бога, і яны для нас – як свае дзеці. А мы для іх хочам быць як мама. Гэта ўсё робіць Пан, а мы – нічога, мы толькі Яго рукі, ногі, вочы, рот”, - сказала сястра бэнэдэктынка.

Пасля ранішніка для дзяцей зладзілі дыскатэку, а спонсары падарылі інтэрнату новы пыласос, блэндэр і іншыя неабходныя рэчы.

Унікальная для Беларусі Дзіцячая вёска была ўрачыста адкрыта 12 кастрычніка 2011 г. Інтэрнат пабудаваны на грошы замежных дабрачынных арганізацый і вернікаў-католікаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў.
Вёска разлічана на пражыванне 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Пяць асобных груп-сем’яў уключаюць па 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям’ю, з’яўляецца сястра-законніца Ордэна бэнэдыктынак-самарытанак Крыжа Хрыстова, яна разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апякуе жыццё дзяцей. Дзейнасць хоспіса арганізавана пры падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія







All the contents on this site are copyrighted ©.