2014-12-23 11:49:18

Твор Моцарта падчас папскай літургіі Божага Нараджэння


RealAudioMP3 У сераду 24 снежня 2014 г. падчас Эўхарыстыі на Божае Нараджэнне ў ватыканскай базіліцы будзе гучаць музыка Моцарта, а менавіта твор “Et incarnatus est” з так званай “Вялікай імшы”. Яго выканае сімфанічны аркестр з Піцбурга пад кіраўніцтвам Манфрэда Хонека, з удзелам ізраільскай сапрана Чэн Рэйс. Ідэя такога роду музычнага афармлення папскай літургіі належыць кс. Масіма Паламбэле, кіраўніку хора Сікстынскай капэлы. Яго мэта, як прызнаўся сам святар у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, адкрыццё сучаснай літургіі на вялікую спадчыну духоўнай музыкі.

“Некаторыя кажуць, што разам з літургічнай рэформай усё было скончана, няма больш вялікай спадчыны Касцёла. Іншыя лічаць, што па прычыне рэформы трэба адхіліць ўсё, што было да гэтага часу, і заняцца вынаходніцтвам з нуля”, - заўважыў кіраўнік папскага музычнага калектыву. На яго ж думку, беручы пад увагу эклезіялагічныя і тэалагічныя прычыны, трэба разумець, што любая рэформа павінна быць адкрыта да таго, што было асягнута раней. Таму, выкананне шэдэўра Моцарта падчас папскай святочнай літургіі згодна з глыбокімі намерамі ІІ Ватыканскага Сабору. “Тут гаворка ідзе пра змяшчэнне вялікага твору духоўнай музыкі ў рамках абноўленай літургіі, і такім чынам, каб гэта было адпаведна з літургічнага пункту гледжання”, - сказаў кс. Паламбэла.

“Вялікая імша” Моцарта адрозніваецца дзіўнай гарманічнасцю, прыгажосцю і чуллівасцю. Яна прагучала ўпершыню 25 жніўня 1783 г. у зальцбургскім саборы св. Пятра.У ёй адчуваецца ўплыў Баха і Гендэля, чые творы Моцарт паглыблена вывучаў у тыя гады, а таксама мелодыка італьянскай оперы – жанру, якім кампазітар валодаў у дасканаласці. Незвычайнай у “Вялікай імшы” з’яўляецца трактоўка сольных галасоў: на ўсім працягу твора гучаць толькі сапрана, мецца-сапрана і тэнар.







All the contents on this site are copyrighted ©.