Святы Айцец: перажыць Божае Нараджэнне ў свабодзе ад марнасці (поўны тэкст)
Папа Францішак заклікаў
перажыць надыходзячыя святы Божага Нараджэння па-хрысціянску – у свабодзе ад марнасцяў
і ў гатоўнасці прыняць Бога. З такімі словамі Пантыфік звярнуўся з вакна апостальскага
палацу Ватыкана да тысяч пілігрымаў і жыхароў Вечнага горада, сабраных на традыцыйную
нядзельную малітву “Анёл Панскі” 21 снежня 2014 г. У сваім кароткім разважанні Святы
Айцец пахіліўся над прыкладам веры Панны Марыі, асабліва актуальным у кантэксце падрыхтоўкі
да надыходзячых святаў. “Сёння, у чацвёртую і апошнюю нядзелю Адвэнта, літургія жадае
падрыхтаваць нас да Божага Нараджэння, амаль ад парога запрашаючы паразважаць над
апавяданнем пра абвяшчэнне Анёла Марыі. – сказаў Папа – Арханёл Габрыэль – што азначае
“Сіла Божая” – адкрыў Панне волю Бога аб тым, што яна павінна стаць маці Яго першароднага
Сына: “Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе
вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі
Ягонага” (Лк 1,31-32). Засяродзім позірк на гэтай простай дзяўчынцы з Назарэта, у
момант калі яна стала адкрытай на боскае пасланне праз сваё “так”; пахілімся над двума
важнымі аспектамі яе паводзін, якія для нас, з’яўляюцца прыкладам у падрыхтоўцы да
Божага Нараджэння.
Перш за ўсё над яе верай, яе пазіцыяй веры, якая заключалася
ў слуханні слова Божага дзеля таго, каб аддацца яму з поўнай адкрытасцю розума і сэрца.
Адказваючы Анёлу, Марыя сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго
слова” (38). У сваім “вось я” поўным веры, Марыя не ведала, якімі шляхамі павінна
будзе вандраваць, якія пакуты павінна будзе перанесці, з якімі рызыкамі сустрэцца.
Але яна была свядомай таго, што гэта Пан кліча яе давяраць Яму цалкам і аддацца Яго
любові.
Іншы аспект – гэта здольнасць Маці Хрыста распазнаваць час Божы. Марыя
– гэта тая, якая зрабіла магчымым уцелаўленне Сына Божага, “аб’яўленне таямніцы, якую
замоўчвалі вякамі” (Рым 16,25). Яна зрабіла магчымым уцелаўленне Слова менавіта дзякуючы
свайму пакорнаму і адважнаму “так”. Марыя вучыць нас прымаць той спрыяльны момант
калі Езус праходзіць у нашым жыцці і просіць аб хуткім і шчырым адказе. Езус праходзіць.
Сапраўды, таямніца нараджэння Езуса ў Бэтлееме, якая гістарычна адбылася больш за
дзве тысячы гадоў таму, спаўняецца, як духоўная падзея, у літургічным “сёння”. Слова,
якое пасялілася ў дзявочым улонні Марыі, падчас цэлебрацыі Божага Нараджэння зноў
стучыцца ў сэрца кожнага хрысціяніна: праходзіць і стучыцца. Кожны з нас пакліканы
адказаць, як Марыя, “так” асабістым і шчырым, становячыся цалкам даступным Богу і
Яго міласэрнасці, Яго любові.
Колькі разоў Езус праходзіць у нашым жыцці і
колькі разоў пасылае анёла, колькі разоў мы гэтага не ўсведамляем, таму што часта
бываем ахоплены, пагружаны ў нашы думкі, справы ці, як напрыклад у гэтыя дні, у нашы
прыгатаванні да Божага Нараджэння, і так не разумеем, што Ён праходзіць і стучыць
у дзверы нашага сэрца, просячы прыняць Яго, просячы стакаць “так”, як Марыя. Адзін
святы казаў: “Я баюся, што Пан пройдзе”. Ведаеце, чаму? Таму што баяўся не распазнасць
Яго і дазволіць яму прайсці міма. Калі мы чуем у нашым сэрцы: “Хацеў бы стаць дабрэй...
Каюся з таго, што ўчыніў”. Гэта менавіта Пан стучыць. Ён дазваляе адчуць гэта: жаданне
стаць лепшым, жаданне быць побач з іншымі, з Богам. Калі адчуваеш гэта – спыніся.
Гэта Пан тут! Ідзі памаліся, магчыма прыступі да споведзі, каб крыху ачысціца: гэта
будзе добра. Але добра памятай: калі адчуваеш жаданне стаць лепшым, гэта Пан стучыць:
не дазволь яму прайсці міма.
У таямніцы Божага Нараджэння, побач з Марыяй
ёсць маўклівая прысутнасць св. Юзафа, як гэта прадстаўляецца ў любых святочных яслях
– нават у гэтых, якія можаце сузіраць на плошчы св. Пятра. Прыклад Марыі і Юзафа з’яўляецца,
для ўсіх нас заклікам да прыняцця, з поўнай душэўнай адкрытасцю, Езуса, які з любові
стаў нашым братам. Ён прыходзіць, каб несці свету дар спакою: “А на зямлі спакой людзям
добрай волі” (Лк 2,14), як абвяшчалі хоры анёлаў пастухам. Каштоўны дар Божага Нараджэння
– гэта спакой, а Хрыстус, гэта наш сапраўдны спакой. Хрыстус стучыць у нашы сэрцы,
каб падарыць спакой, душэўны спакой. Адкрыем дзверы Хрысту! Даверымся заступніцтву
нашай Маці і св. Юзафа, каб перажыць Божае Нараджэнне, сапраўды па-хрысціянску, свабоднымі
ад марнасцяў, у гатовоўнасці прыняць Збаўцу, “Бога з намі”.
Пасля марыйнай
малітвы папа Францішак прывітаў шматлікія групы пілігрымаў прысутныя на ватыканскай
плошчы і пажадаў усім добрай нядзелі, а таксама Божага Нараджэння поўнага надзеі,
радасці і братэрства.