2014-12-19 14:58:31

Францішак: Касцёл заўсёды адкрыты для спорту


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў 19 снежня 2014 г. дэлегацыю Нацыянальнага алімпійскага камітэта Італіі і запэўніў удзельнікаў сустрэчы ў тым, што Касцёл заўсёды адкрыты для спорту. У сваім звароце Пантыфік нагадаў, што на працягу ста гадоў італьянскі НАК спрыяе развіццю спорта, яго грамадскага, адукацыйнага і культурнага аспектаў, надаючы цэнтральную ўвагу чалавеку, яго гарманічнаму развіццю, абароне чалавечай годнасці ў адпаведнасці з прынцыпамі Алімпійскай хартыі.

Святы Айцец падкрэсліў, што спорт заўсёды спрыяў братэрству і сяброўству народаў, усталяванню згоды, павагі і гармоніі. Кожнае спартыўнае мерапрыемства, у першую чаргу, Алімпіяда, у якой бяруць удзел прадстаўнікі розных краін з іх гісторыямі, культурамі, традыцыямі, верамі і каштоўнасцямі, можа стаць спосабам пераадолення канфліктаў, выкліканых парушэннем правоў чалавека, лічыць папа Францішак. На яго думку, Алімпійскі дэвіз – “Хутчэй, вышэй, мацней” – не заклікае да перавагі адной нацыі над іншай, але кідае выклік не толькі спартсменам, а ўсім нам – неабходна працаваць і ахвяраваць сабой дзеля дасягнення важных мэтаў.

Папа станоўча адзначыў адукацыйныя ініцыятывы і праекты салідарнасці італьянскага НАК, а таксама ўвядзенне ў склад камітэта алімпійскага капелана. Напрыканцы сустрэчы Пантыфік выказаў найлепшыя пажаданні ў сувязі з выстаўленнем кандыдатуры Рыма на правядзенне Алімпійскіх Гульняў 2024 года і павіншаваў спартсменаў з Божым Нараджэннем.








All the contents on this site are copyrighted ©.